Агляд прэсы: Танная шуміха
Літва патрабуе ад Беларусі кампенсацыі за спрыянне масавай іміграцыі. Чаму КНР і ЗША замарозілі кантакты на вышэйшым узроўні? Дональд – галаўны боль рэспубліканцаў. Выбары ў Турцыі: культурная гонка. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
-

Фота: з сацсетак
Міністр юстыцыі Літвы Эвеліна Дабравольская заявіла, што ўрад Літвы будзе падаваць скаргу на Беларусь за «невыкананне» міжнароднага права ў дачыненні да эксплуатацыйнай міграцыі. «Сума кампенсацыі120 мільёнаў еўра павінна пакрыць парушэнне міжнароднага права, шкоду, нанесеную міграцыяй, і сродкі прававой абароны», – паведамляе амерыканскі прафесійны часопіс JURIST.
«Савет ЕЗ увёў некалькі санкцый супраць Беларусі, у асноўным у адказ на рэжым Лукашэнкі, які выкарыстоўвае мігрантаў як «гібрыдную зброю для аслаблення ЕЗ. Санкцыі накіраваныя на палітычных чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, а таксама на транспартныя і жыллёвыя кампаніі, якія дапамагалі ў незаконным перасячэнні мяжы ў палітычных мэтах. Абмежавальныя меры па стане на 2021 год дзейнічаюць у дачыненні да 183 фізічных і 26 юрыдычных асоб. З таго часу Літва пабудавала агароджу з калючага дроту на мяжы з Беларуссю, каб запаволіць хвалю мігрантаў, і ўжо адмовіла 20 тысячам асобаў з Беларусі, Таджыкістана і часткі Блізкага Усходу. Літоўскім памежнікам дазволена разварочваць мігрантаў у надзеі, што яны добраахвотна вернуцца ў свае краіны. Аднак на мяжы былі сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і расава матываваныя напады з боку ахоўнікаў. Amnesty International і Médecins Sans Frontières (MSF) заявілі, што яны будуць працягваць падтрымліваць мігрантаў легальнай працай або аказваць медыцынскую дапамогу па абодва бакі мяжы», – адзначае амерыканскае выданне.
Пекін і Вашынгтон прыпынілі зносіны першых асоб. Адбылося гэта з ініцыятывы Пекіна. Паездку ў КНР дзяржсакратара Энтані Блінкена адмянілі пасля скандалу з аэрастатам, збітым над Паўночнай Амерыкай. ЗША хацелі аднавіць кантакты, але Кітай адхіліў гэтыя спробы. Напружанасць у адносінах узмацняецца на фоне візіту ў Амерыку прэзідэнта Тайваня і яе сустрэчы са спікерам Палаты прадстаўнікоў. Замежныя СМІ мяркуюць, што ролю гэтай паездкі не варта недаацэньваць. Брытанская газета The Guardian называе рэакцыю КНР даволі стрыманай, калі параўноўваць яе з тым, што адбылося летам 2022 года.
«Тады папярэдніца Макарці Нэнсі Пеласі прыляцела на Тайвань. А Кітай у адказ зладзіў маштабныя ваенныя вучэнні вакол вострава. Дарэчы, цяперашні спікер таксама хацеў адправіцца ў Тайбэй, але такі жэст палічылі залішне правакацыйным. Макарці прытрымліваецца жорсткай лініі ў адносінах да Кітаю. Хаця і заяўляе, што сустрэча з Цай Інвэнь не накіравана на эскалацыю адносін Пекіна і Вашынгтона», – піша амерыканскае выданне.
У адносінах Дональда Трампа выстаўлена крымінальнае абвінавачанне. Ён стаў першым экс-прэзідэнтам ЗША, які паўстане перад судом у якасці абвінавачанага. Яму ставіцца ў віну ўтойванне фактаў і фальсіфікацыя фінансавай дакументацыі – гаворка ідзе аб выплаце порнаакторцы Стормі Дэніэлс адступных за маўчанне, якія былі аформлены ў якасці судовых выдаткаў. Гэтыя выплаты могуць таксама разглядацца як нелегальнае фінансаванне выбарчай кампаніі. Абвінавачанне ўключае ў сябе 34 пункты. Ці не можа здарыцца так, што ў выніку Трамп толькі выйграе па выніках гэтага працэсу? «У Рэспубліканскай партыі многія зусім не рады зноў бачыць Трампа на полі палітычных баталій», – адзначае венгерскі партал Hvg.
«Ужо падчас свайго перадвыбарчага выступу ва Ўэйка ў штаце Тэхас Трамп прадэманстраваў, што зноў выйшаў на сцежку вайны. Ён зноў у сваёй стыхіі – і атрымлівае асалоду ад не толькі святла сафітаў, але і ролі ахвяры. І гэта вельмі дрэнная навіна для тых рэспубліканцаў, што спрабуюць пазбавіцца ад свавольнага Дональда. Яшчэ большай праблемай для Рэспубліканскай партыі становіцца наступнае: пакуль што стабільная большасць амерыканцаў, пасля ўсяго таго, што ім ужо давялося назіраць – зусім не жадае яшчэ чатыры гады бачыць Трампа ў ролі гаспадара Белага дома. Такія дадзеныя апытанняў!», – піша венгерскае выданне.
У выходныя ў турэцкіх СМІ і сацыяльных сетках пачало распаўсюджвацца віруснае фота, на якім кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі Кемаль Кылычдараглу стаіць на дыванку для намаза ў абутку – прынамсі такое складваецца ўражанне. Паводле прадпісанняў ісламу, для таго каб паўстаць перад Алахам чыстымі, мусульмане здымаюць абутак перад уваходам у мячэт, ці перад тым як устаць на малітоўны кілім. Праэрдаганаўскія СМІ ўчапіліся за падставу і цяпер крытыкуюць кандыдата ад апазіцыі. На думку турэцкай газеты Habertürk, уся гэтая дыскусія аб фатаграфіях – пустая трата часу.
«Праславуты здымак зроблены не там, дзе павінен здзяйсняцца намаз. Гэта не мячэт, а службовае памяшканне ў рэстаране, у якім Кылычдараглу здзейсніў іфтар – разгавенне падчас Рамадана. Няясна нават, што менавіта разаслаў на падлозе – малітоўны кілімок або дыван, падобны на малітоўны кілімок. Чаму тыя, хто таўруе Кемаля Кылычдараглу і ставіць у віну «непавагу да ісламу», не прымаюць да ўвагі агучаную ў яго абарону заяву Ісмаіла Мюфтюоглу – былога міністра юстыцыі, які і арганізаваў дадзены іфтар?», – піша турэцкая газета.
Беларускае Радыё Рацыя