Агляд прэсы: Цана замінкі



Канада, Нямеччына і Францыя заклікалі сваіх грамадзян пакідаць Беларусь аўтамабільным транспартам. Украіна: амаль год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Хто ж падарваў «Паўночны паток»? Камунальныя выбары ў Італіі і рэкордна нізкая яўка. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Нямеччына ўслед за Францыяй і Канадай абнавіла рэкамендацыю сваім грамадзянам пакінуць Беларусь. Абнаўленні рэкамендацый знешнепалітычных установаў Нямеччыны, Францыі і Канады звязаны ў тым ліку з закрыццём пункта пропуску «Бераставіца – Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы. Для іншаземцаў (зрэшты, як і для беларусаў), якія хочуць выехаць у Польшчу, застаецца толькі адно акно – праз пункт пропуску «Брэст – Цярэспаль», у якім цяпер назіраецца напружаная абстаноўка», – паведамляе еўрапейскае выданне Euractiv.

«Адзіны пункт пропуску дазваляе ехаць у Польшчу, а межы з Літвой і Латвіяй застаюцца адкрытымі. Польска-беларускі памежны пераход у Баброўніках будзе зачынены з 10 лютага ў інтарэсах «бяспекі дзяржавы». Гэты пост з’яўляецца адным з асноўных транзітных пунктаў паміж дзвюма краінамі. Усе паездкі ў Беларусь адпаведна названыя на дыпламатычным узроўні «фармальна немэтазгоднымі». Хаця у момант абвяшчэння просьбы той жа Францыі сваім грамадзянам пакінуць Беларусь, міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта знаходзіўся ў Менску, каб абмеркаваць мірнае ўрэгуляванне паміж Расеяй і Украінай», – паведамляе еўрапейскае выданне.

24 лютага споўніцца год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Канца гэтай вайне не відаць: Расея працягвае наносіць удары па пазіцыях ВСУ, па мірных жыхарах і аб’ектах інфраструктуры, Украіна мужна змагаецца, заходнія саюзнікі маюць намер і далей дапамагаць ёй зброяй. Па дадзеных ААН, да цяперашняга часу пацверджана гібель больш за сем тысяч мірных жыхароў, і статыстыка гэтая няпоўная. Аглядальнікі падводзяць вынікі мінулых дванаццаці месяцаў і абмяркоўваюць доўгатэрміновыя далягляды.

«Прэзідэнт Украіны з першага дня вайны паводзіць сябе як узорны кіраўнік дзяржавы», – такую пахвалу выказвае аўстрыйская газета Der Standard.

«Гумарыст і прадпрымальнік, чыёй роднай мовай з’яўляецца руская, аказаўся сапраўдным падарункам для дзяржавы, якая змагаецца за выжыванне ў абарончай вайне. Невысокі мужчына з тыднёвым шчаціннем, нязменна апрануты ў аліўкава-зялёную ваенную форму – за мінулы год ён стаў сапраўдным дзяржаўным мужам, які паспяхова выступае ад імя сваёй краіны на сусветных пляцоўках. Яго нядаўнія кароткія візіты ў Лондан, Парыж і Брусель, яго выступленні поўныя эмацыйнай сілы і гістарычнага сімвалізму, пацвярджаюць тое ўражанне, што ён сам стаў галоўнай дзеючай асобай гісторыі», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.

Расследаванне па справе аб падрыве газаправодаў Паўночны паток-1 і Паўночны паток-2 яшчэ не завершана. Амерыканскі журналіст Сеймур Херш, тым не менш, сцвярджае, што ведае праўду. У сваім блогу ён заяўляе, што падчас сваіх расследаванняў прыйшоў да наступнай высновы: падрыў быў ажыццёўлены вайскоўцамі Злучаных Штатаў, прычым у справу нібыта была прыцягнута і Нарвегія. У якасці доказу Херш спасылаецца на адну-адзіную ананімную крыніцу. Кіраўніцтва ЗША абвяргае вылучаныя абвінавачанні. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі. «Версія, высунутая Хершам, яйкі выедзенага не варта», – піша нямецкая газета Handelsblatt.

«Херш выбудоўвае тэорыю змовы, пры гэтым не ўздымаючы найважнейшых пытанняў. І галоўны з іх: навошта? Калі на дне мора ўзарваліся трубы газаправода, германа-расейскае газавае партнёрства ўжо было ўчарашнім днём. Пасля расейскага нападу на Украіну ўрад ФРГ спыніў увод Паўночнага патоку-2 у эксплуатацыю, і заявіў, што надалей не мае намеру закупляць расейскі газ. Такім чынам, Паўночны паток-1 быў асуджаны. Які сэнс была амерыканцам узрываць гэтыя інвестыцыйныя «могілкі» і ісці на рызыку сваркі з Германіяй дзеля энергетычнага праекта, які і без таго пацярпеў крах? Каб потым прадаваць Еўразвязу свой звадкаваны газ? На момант выбуху, гэта значыць у верасні 2022 года, адпаведныя дамовы даўно ўжо былі заключаныя», – канстатуе нямецкае выданне.

У двух найбуйнейшых рэгіёнах Італіі – Ламбардыі і Лацыё – у мінулыя нядзелю і панядзелак адбыліся камунальныя выбары. Многія назіральнікі бачылі ў іх і своеасаблівую праверку настрояў электарату па выніках першых 100 дзён працы новага ўрада на агульнанацыянальным узроўні. Пераможцам стала правая кааліцыя, якая набрала 54,4 працэнта ў Ламбардыі і 52,1 працэнта ў Лацыё. Аднак яўка выбаршчыкаў была незвычайна нізкай: 37,2 працэнта (Лацыё) і 41,6 працэнта (Ламбардыя). «Пры такой нізкай яўцы пра пераможцу казаць не даводзіцца», – лічыць італьянская газета La Repubblica.

«Падобных вынікаў не было зафіксавана ні на адных усеагульных выбарах з часоў Другой сусветнай вайны, ні на гарадскіх муніцыпальных выбарах, ні на якіх-небудзь іншых рэгіянальных выбарах з 1970 года. Ніколі раней выбаршчыкі не былі так слаба матываваны да таго, каб прыняць удзел у галасаванні. Ніколі не было такой абуральнай адсутнасці эмпатыі паміж выбаршчыкамі і інстытутамі. Пераможцы акружаны абыякавасцю і грэбаваннем з боку дзвюх трацін насельніцтва, якім ім трэба будзе кіраваць. Перафразуючы вядомае выслоўе Тацыта, можна сказаць, што вакол рэгіянальных інстытуцый створана пустыня, і гэта называецца перамогай», – гіранізуе італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка