Агляд прэсы: У чаканні адзінства



Беларусь як хаўруснік Расеі. Блізкі Усход: ці можа ЕЗ садзейнічаць дээскалацыі і якая роля Катара? У Аргенціне Серхіа Маса абганяе правага папуліста Мілея. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Пытанне, хто ворагі Расеі, можа здацца відавочным. Відавочна, што Кіеў уцягнуты ў канфлікт, які мінуў свой двухгадовы рубеж і які цалкам падтрымліваецца большасцю заходніх дзяржаў NATO (хаця некаторыя сумняваюцца наконт Венгрыі),» – канстатуе ўкраінскае выданне The Kyiv Post.

«Але ёсць краіны, якія з’яўляюцца хаўруснікамі Расеі – адны, якія прапануюць сваю поўную падтрымку, і іншыя, такія як Кітай і  Індыя, якія ўстрымліваюцца ад ухвалення поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, хоць і адмаўляюцца асудзіць яе, нягледзячы на тое, што яна відавочна парушае міжнародныя законы. У ваенным плане Беларусь з’яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Расеі, якая дазволіла выкарыстоўваць сваю зямлю і паветраную прастору сілам Крамля. Нягледзячы на тое, што дагэтуль супраціўляўся ціску з боку прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна аб увядзенні войскаў ва Украіну, Лукашэнка не сумняваўся з нагоды тысяч ракет, запушчаных з тэрыторыі Беларусі па гарадах Украіны. У Лукашэнкі мала выбару ў гэтым пытанні, улічваючы, што ён усё яшчэ знаходзіцца ва ўладзе толькі таму, што  Масква дапамагла яму здушыць народнае паўстанне  пасля спрэчных выбараў у 2020 годзе», – адзначае ўкраінскае выданне.

Пасля нападу ісламістаў ХАМАС на Ізраіль краіны Еўразвязу спрабуюць выпрацаваць адзіную пазіцыю. У ходзе сустрэчы міністраў замежных спраў краін супольнасці, якая адбылася ў Люксембургу, стала відавочным, што думкі разыходзяцца ў першую чаргу па пытанні пра тое, ці павінен Ізраіль аб’явіць аб спыненні агню дзеля выратавання гуманітарнай сітуацыі ў Газе. На карысць такога патрабавання выступаюць Гішпанія і Ірландыя. Германія і Аўстрыя настроены скептычна. «Еўрапейскі звяз да гэтага часу не змог даць адказу на вельмі многія важныя пытанні», – наракае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў з цяжкасцю ўзгаднілі агульную заяву, аднак змест апошняй не занадта ўражвае. У ёй яны асуджаюць тэрор з боку ХАМАС і падкрэсліваюць як правы Ізраіля на самаабарону ў рамках міжнароднага права, так і неабходнасць абароны мірных жыхароў. Ці з’яўляецца эвакуацыя горада Газа парушэннем гэтых прынцыпаў? Ці мае права Ізраіль наносіць удары па грамадзянскіх мэтах, калі там размяшчаецца ваенная інфраструктура? Ці ж яму трэба пайсці на спыненне агню, паколькі гуманітарная дапамога павінна мець прыярытэт над барацьбой з тэрарызмам? Па гэтых пытаннях адзінства няма», – наракае нямецкае выданне.

Падчас свайго нападу на Ізраіль радыкальная групоўка ХАМАС узяла ў заложнікі больш за 200 чалавек. Прыкладна праз два тыдні пасля выкрадання былі вызваленыя спачатку дзве амерыканкі: маці і дачка, а затым дзве састарэлыя ізраільцянкі. Па некаторых звестках, у пасрэдніцкіх перамовах удзельнічаюць Егіпет і Катар. Незвычайная роля апошняга прыцягнула да сябе позіркі еўрапейскай прэсы. Рымская газета La Repubblica дзеліцца наступнымі назіраннямі.

«Катар – гэта малюсенькая абсалютная манархія, у якой пражывае ўсяго 300 000 грамадзян, і амаль ва ўсіх з іх ёсць тыя ці іншыя роднасныя сувязі з каралеўскай сям’ёй. Краіна мае трэція па велічыні радовішчы газу ў свеце і чацвёрты па велічыні даход на душу насельніцтва. Гэта – мікракосмас, поўны супярэчнасцяў: у Катары размешчаны як найбуйнейшая ваенна-марская база ЗША на Блізкім Усходзе, так і палітычная штаб-кватэра ХАМАС. Гэтая краіна праводзіла ў сябе апошні чэмпіянат свету па футболе і яна ж траціць на ХАМАС 30 мільёнаў еўра за год. Імкнучыся рэабілітавацца ў вачах Захаду, урад Катара зараз выступае пасярэднікам у перамовах па вызваленні закладнікаў, якія ўтрымліваюцца хамасаўцамі», – піша італьянскае выданне.

Па выніках першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Аргенціне перамогу, хутчэй, нечакана, атрымаў міністр эканомікі і пераніст Серхіа Маса. Пры гэтым не далей як у жніўні па выніках папярэдніх выбараў на першае месца выходзіў правы папуліст Хаўер Мілей, які абяцае скасаваць Цэнтральны банк краіны і які адмаўляе праблему глабальнага пацяплення. Перспектыва яго абрання выклікала немалы перапалох на міжнароднай арэне. Мадрыдская газета El País ускладае надзеі на дэмакратычныя сілы краіны.

«Выбаршчыкі Мілея – гэта пераважна мужчыны, прычым маладыя мужчыны. Яго падбухторская рыторыка былі адрасаваная тым, хто мае намер падарваць структуры існай сістэмы. Аднак вынікі выбараў дэманструюць, што бензапіла як метад вырашэння праблем не карыстаецца шырокай падтрымкай аргенцінскага грамадства. На Серхіа Масу зараз ляжыць велізарны груз. Займаючы пасаду міністра эканомікі, ён не здолеў вырашыць такія праблемы, як інфляцыя, беднасць, якая расце, скарачэнне ВУП. Аднак эканамічны крызіс – не прычына рабіць выбар на карысць радыкальных рашэнняў, якія ставяць пад пагрозу базавы кансэнсус. Аргенціна, прынамсі на нейкі час, паставіла заслон месіянству. Важна, каб другі тур выбараў гэта пацвердзіў», – заклікае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка