Агляд прэсы: у чаканні перамен
Новы прысуд у Беларусі. Што дасць Турцыі і свету змена ўлады? Балгарыя ў чаканні на новага прэм’ера. Парламенцкія выбары ў Грэцыі: хто лідзіруе ў гонцы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Праваабаронцы сцвярджаюць, што цяпер у Беларусі каля 1500 палітвязняў. Яны кажуць, што такія зняволеныя падвяргаюцца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажаючаму годнасць абыходжанню і катаванням, некаторыя з іх паміраюць у зняволенні. Але колькасць іх павялічваецца», – перадае амерыканскае выданне Foxnews.
„Сярод апошніх сумных навін з Беларусі: 35-гадовы арт-менеджар Павел Белавус атрымаў 13 гадоў пазбаўлення волі па выніках закрытага працэсу па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, «стварэнні экстрэмісцкай групоўкі» і «пагрозе нацыянальнай бяспецы». Белавус, які знаходзіцца пад вартай з лістапада 2021 года, быў адным з вядучых арганізатараў акцый пратэсту апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Падчас судовага працэсу ён адхіліў абвінавачванні і паабяцаў працягваць адстойваць дэмакратычныя свабоды», – піша амерыканске выданне.
Напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Турцыі, прызначаных на нядзелю, у гонцы абазначыліся два фаварыты, якія ідуць побач: гэта дзеючы прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган, які знаходзіцца ва ўладзе 20 гадоў, і кандыдат ад апазіцыі – Кемаль Кылычдараглу. Аглядальнікі разважаюць пра тое, якія змены прынесла б Еўропе перамога апазіцыі, калі б той атрымалася перамагчы Эрдагана і яго ПСР. Дацкая газета Politiken спадзяецца на тое, што перамогу атрымае кандыдат ад апазіцыі.
«Змена ўлады ў Турцыі пайшла б на карысць не толькі самой краіне. Калі туркі выставяць Эрдагана за дзверы, гэта было б добрай навіной і для Еўразвяза, і для заходняга свету ў цэлым. Турцыя зняла б свае пярэчанні супраць уступлення Швецыі ў НАТА, акрамя таго, Кылычдараглу паабяцаў, што Анкара стала б зноў паважаць рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека. У цэлым змена ўлады сама па сабе відавочна паспрыяла б паляпшэнню вельмі напружаных адносін паміж Турцыяй з аднаго боку і Еўразвязам, і ЗША – з другога. І наогул, сыход Эрдагана стаў бы перамогай дэмакратыі», – падсумоўвае дацкае выданне.
Былы прэм’ер-міністр Балгарыі Бойка Барысаў і яго партыя ГЕРБ з невялікай перавагай атрымалі перамогу на парламенцкіх выбарах, якія нядаўна прайшлі. Цяпер Барысаў вылучыў еўракамісара Марыю Габрыэль кандыдатам на пасаду прэм’ер-міністра краіны. Аглядальнікі ўхваляюць такое рашэнне і ў большасці сваёй лічаць, што ў краіны нарэшце можа з’явіцца стабільны ўрад. „Пасада прэм’ер-міністра наўрад ці занадта прывабная для самой Габрыэль», – адзначае румынскае выданне RFI România.
«Ёй будзе цяжка знайсці падтрымку ў іншых парламенцкіх партый, якая б дазволіла ёй сфарміраваць большасць. Барысаў паабяцаў 20 міністэрскіх партфеляў партыям, якія будуць гатовы ўдзельнічаць у фарміраванні ўрада. Улічваючы мінулыя няўдачы, якія прывялі ў выніку да пяці новых выбараў запар, ніякія ахвяры не здаюцца занадта вялікімі. У адваротным выпадку балгары змушаныя былі б у ліпені зноў адправіцца на выбарчыя ўчасткі. У Брусэлі пагаворваюць, што Марыя Габрыэль зробіць вялікую памылку, калі пакіне Еўракамісію дзеля перспектывы заняць пасаду кіраўніка ўрада, тэрмін знаходжання на якім можа апынуцца вельмі нядоўгім», – папярэджвае румынскае выданне.
21-га траўня ў Грэцыі пройдуць парламенцкія выбары. Хоць кіруючая кансерватыўная партыя «Новая дэмакратыя», якую ўзначальвае дзейны прэм’ер-міністр Кірыякас Міцтакіс, некалькі асела ў рэйтынгах папулярнасці. На другім месцы – апазіцыйны альянс СІРЫЗА пад кіраўніцтвам былога кіраўніка ўрада Алексіса Цыпраса. 10-га траўня адбыліся тэледэбаты з удзелам лідараў усіх шасці палітычных партый, прадстаўленых у парламенце. У сваёй ацэнцы выступу двух кандыдатаў ад партыі Новая дэмакратыя і старшыні партыі СІРЫЗА левы партал Imerodromos раскрытыкаваў абодвух.
«Лідар Новай дэмакратыі ўсяляк пазбягаў таго, каб выносіць ацэнку сабе і вынікам сваёй дзейнасці, нягледзячы на ўсе свае «выбітныя дасягненні», але не прамінуў выказаць гонар наконт працы свайго ўрада. Ён таксама выступіў у абарону рашэнняў урада, які «ашчаслівіў» грамадзян надмерна высокімі коштамі на ўсё і ўся, скарачэннем заробкаў, разваленай сістэмай аховы здароўя і адвечнай камерцыялізацыяй і прыватызацыяй сістэмы адукацыі. І ў якасці вішанькі на торце – дэмакратыяй, якая зрабіла сваёй візітнай карткай праслухоўванне і сачэнне. А старшыня партыі СІРЫЗА ў сваю чаргу, падобна, усё начыста «забыўся» – як быццам ніколі і не быў прэм’ер-міністрам трэцяга мемарандуму», – падкрэслівае грэчаскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя