Агляд прэсы: у пошуках надзеі



Латвія прыпыняе пагадненні з Беларуссю аб паездках. Кіеў пад абстрэлам. У Аўстрыі Ван дэр Бэлен застаецца прэзідэнтам. Сэнс сёлетняга «Нобеля». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«З панядзелка Латвія прыпыняе дзеянне трох пагадненняў з Беларуссю, накіраваных на спрашчэнне паездак паміж дзвюма краінамі», – паведамляе міжнароднае выданне Foreign Brief.

«Мяжа паміж Латвіяй і Беларуссю складае больш за 100 міль. Пагадненні, якія Рыга перастане выконваць, былі накіраваны на спрашчэнне перасячэння мяжы, развіццё мытнага супрацоўніцтва і забеспячэнне авіязносін. Гэты крок зроблены, калі балтыйская рэспубліка працягвае караць Расею і яе саюзнікаў за ўварванне Расеі ва Украіну. Пры гэтым Беларусь эканамічна пацярпела ад міжнародных санкцый супраць яе рэжыму, у тым ліку з-за Латвіі. Толькі з чэрвеня па ліпень Латвія скараціла экспарт у Беларусь на 27,6%, імпарт — на 43,9%. Нягледзячы на тое, што эканамічны калапс у Менску можа прывесці да змены рэжыму або, прынамсі, да меншай матэрыяльнай падтрымкі ваенных намаганняў Расеі з боку Беларусі, ён таксама стварае патэнцыйныя недахопы, у тым ліку негатыўны эканамічны ўплыў на Латвію, які трэба было б растлумачыць эканамічным паваротам на захад да ЕЗ і яго саюзнікаў», – падкрэслівае міжнароднае выданне.

***

Паводле наяўнай інфармацыі, на падрыў Крымскага моста, які здарыўся ў мінулую суботу, Расея ў панядзелак адказала ракетным абстрэлам Кіева ды іншых украінскіх гарадоў. Па дадзеных украінскіх уладаў, пацярпеў цэнтр сталіцы, а таксама інфраструктура ў Львове, Дняпры, Хмяльніцкім, Жытоміры і іншых гарадах. Амаль па ўсёй краіне была аб’яўлена паветраная трывога. Цяпер «Расея будзе яшчэ часцей біць па грамадзянскай інфраструктуры», – асцерагаецца харвацкая газета Jutarnji list.

«Гэтыя атакі азначаюць сабой пачатак новай фазы вайны, падчас якой Расея будзе наносіць удары па мірных жыхарах удалечыні ад лініі фронту, сеючы паніку і страх, і гэта на фоне таго, што набліжаецца зіма і грамадзянам даводзіцца змагацца з паводкамі і халоднымі начамі. За апошні месяц расейская артылерыя нанесла ўдары па ЦЭЦ у Харкаве, Зміеве, Паўлаградзе і Крэменчузе, у выніку чаго сотні тысяч людзей ва Усходняй і Цэнтральнай Украіне засталіся без электрычнасці. Расейскія войскі таксама разбамбілі дамбу ў Крывым Рогу, родным горадзе прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, і неаднаразова пакідалі без вады і электрычнасці Харкаўскую вобласць на паўночным усходзе Украіны», – канстатуе харвацкае выданне.

***

Па выніках выбараў федэральнага прэзідэнта Аўстрыі перамогу атрымаў дзейны прэзідэнт і былы старшыня партыі Зялёных Аляксандр Ван дэр Бэлен. Паводле першых падлікаў, ён атрымаў 56 працэнты галасоў. Чатыры з шасці яго канкурэнтаў на выбарах выступалі з правапапулісцкіх пазіцый, і ў цэлым гэтыя кандыдаты набралі звыш 30 працэнтаў галасоў. Як зазначае прэса, вынікі выбараў можна разглядаць як барометр настрояў у краіне. «Нават кансерватыўнаму, здавалася б, палітыку Ван дэр Бэлену не ўдалося «дагрукацца да шырокіх пластоў насельніцтва», – піша аўстрыйская газета Kleine Zeitung.

«У сваёй пераможнай прамове шэсць гадоў таму Ван дэр Бэлен параўнаў расколатую напалам краіну з двума асобнымі палоўкамі, якія ён хацеў бы сабраць разам. Як ён тады заявіў, гэтую мэту ён ставіць найвышэй за ўсё, аднак цалкам дасягнуць яе падчас свайго першага тэрміна прэзідэнт не здолеў. Ван дэр Бэлен відавочна яшчэ не ўспрымаецца масамі як нейкі значны аўтарытэт, здольны аб’яднаць усе палітычныя сілы краіны, інакш ён быў бы пераабраны з куды больш высокім і адназначным вынікам», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.

***

Нобелеўская прэмія міру сёлета прысуджана змагарам за правы чалавека ў Беларусі, Расеі і Украіне: праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які ўжо больш за год знаходзіцца ў менскім СІЗА, арганізацыі „Мемарыял”, якая нядаўна была распушчана і забаронена ў Расеі, а таксама Цэнтру грамадзянскіх свабод з Украіны. У чым жа пасыл Нобелеўскай прэміі гэтага года? «Уручэнне Нобелеўскай прэміі міру гэтым тром арганізацыям – знак маральнай падтрымкі тым, хто змагаецца за правы чалавека», – піша нідэрландская газета NRC Handelsblad.

«Сваёй узнагародай Нобелеўскі камітэт адзначыў мужнасць і моц духу, якія надзвычай важныя ў барацьбе з гэтымі аўтакратамі Пуціным і Лукашэнкам. Для ўсіх трох лаўрэатаў цяперашнія часы – няпростае выпрабаванне, і ўсе яны маюць патрэбу ў маральнай падтрымцы. Напэўна, не варта аддавацца ілюзіям, быццам гэтая ўзнагарода нешта здольная змяніць. Але гэта не прымяншае значнасць Нобелеўскай прэміі! Бо найперш гэта – сімвал надзеі, які прагучаў на ўвесь свет і такі неабходны ў цяперашняй сітуацыі», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Array