Агляд прэсы: у прызнанні правалу
Беларусь распрацоўвае законапраект аб паралельным імпарце, каб пазбегнуць санкцый Захаду. Ці чакаць Еўропе правакацый ад расейцаў, што бягуць ад мабілізацыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Беларусь распрацоўвае законапраект аб паралельным імпарце, каб спрасціць увоз санкцыйных Захадам тавараў з трэціх краін. Зараз Міністэрства гандлю ЗША ўвяло дадатковы экспартны кантроль супраць Беларусі і Расеі. Гэтыя меры кантролю далучаюць Беларусь да галіновых санкцый, якія прымяняюцца толькі да Расеі, уводзячы ў дачыненні да Беларусі такія ж меры кантролю, што і да Расеі», – паведамляе міжнароднае выданне bne IntelliNews.
«Часткова з-за санкцый, але таксама з-за агульнага зніжэння пакупніцкай здольнасці беларускага насельніцтва пасля хуткага росту інфляцыі беларускі імпарт рэзка ўпаў. У цэлым зніжэнне знешняга гандлю Беларусі ў гэтым годзе, выкліканае заходнімі санкцыямі, спарадзіла ў краіне маштабную рэцэсію. З пачатку года Беларусь страціла больш за 50 тысяч працоўных месцаў. У ліпені колькасць актыўна працуючых у Беларусі скарацілася да самага нізкага ўзроўню, крыху больш за 4 000 000 чалавек. Больш чым у паловы беларусаў хапае назапашванняў толькі на месяц, а людзі, якія не з’ехалі ў ЕЗ, шукаць лепшага ўзроўню жыцця, цяпер моцна трымаюцца за працу. Нягледзячы на тое, што Беларусь часта хваліць сваё гандлёвае супрацоўніцтва з такімі краінамі як Сірыя, Манголія, Індыя, Іран ці розныя постсавецкія дзяржавы, яны не складаюць сёння значнага рынку для беларускай прамысловай прадукцыі, і на іх рынках, верагодна, не будзе месца або попыту на дастатковую колькасць беларускіх экспартных тавараў, каб дапамагчы Менску справіцца з ціскам санкцый на яго экспартны сектар. Тым не менш, з’яўляючыся транзітнай краінай для гандлю паміж Еўропай і Кітаем, выпрацоўка пагадненняў аб сумесным кіраванні гэтымі ажыўленымі ланцужкамі паставак можа палегчыць для Беларусі імпарт тавараў, якія знаходзяцца пад санкцыямі Захаду. Гэта, магчыма, і не назавеш ухіленнем ад санкцый,але ўрад Беларусі ўважліва пераглядае свае «старыя прыёмы» і спрабуе знайсці новыя», – канстатуе міжнароднае выданне.
На фоне аб’яўленай Пуціным частковай мабілізацыі і росту патоку ваеннаабавязаных у Еўропе, якія бягуць з краіны, разгарэлася дыскусія пра тое, ці не варта ўвесці спрошчаны прыём для тых, хто адмаўляецца ад удзелу ў вайне. У самой Расеі на новых акцыях супраць мабілізацыі затрымалі ўжо больш за 820 чалавек. Аднак эстонская газета Õhtuleht выказвае скепсіс.
«Мы павінны засяродзіцца перш за ўсё на дапамозе 57 тысячам украінскіх бежанцаў, якія сталі ахвярамі агрэсіі, гэта вялікія выдаткі для Эстоніі. Па-другое, расейскія турысты, якія праязджалі праз Эстонію транзітам, прадэманстравалі абыякавае і напышлівае стаўленне да вайны. Таксама нельга выключаць і таго, што сярод мужчын прызыўнога ўзросту, якія вырашылі б хавацца тут ад прызыву, могуць трапіцца і правакатары, перад якімі пастаўлена задача дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры нашай краіны», – адзначае эстонскае выданне.
У свеце ўзнялася шырокая хваля абурэння наконт гібелі ў Іране 22-гадовай жанчыны. Махса Аміні, затрыманая паліцыяй нораваў з-за невыканання правілаў нашэння хіджабу, памерла пасля знаходжання ў паліцэйскім участку. У краіне пачаліся масавыя пратэсты, а жанчыны на вуліцах дэманстратыўна зрываюць хіджабы. Загінула больш за 40 чалавек. «Іранскія ўлады сутыкнуліся з сур’ёзным выклікам», – піша ірландская газета The Irish Times.
«Пратэсты заспелі рэжым знянацку. Улады заяўляюць пра тое, што акцыі пратэсту інспіраваныя з-за мяжы, аднак ніхто з высокапастаўленых палітыкаў не адважыўся апраўдаць арышт Аміні. Тым не менш, жорсткасць паліцыі нораваў усім вядомая, і рэжым адназначна ёй не перашкаджае. Смелыя пратэсты, якія душацца дубінкамі, кулямі і слёзатачывым газам – гэта галоўны выклік, з якім сутыкнуўся рэжым за ўсе апошнія гады. Гэта знак таго, што на глыбіні ідзе свідраванне і нарастае напружанасць. Пры дапамозе рэпрэсіўных мераў рэжым зможа пратрымацца толькі нейкі абмежаваны час», – адзначае ірландскае выданне.
У Італіі адкрыліся выбарчыя ўчасткі. Грамадзяне краіны галасуюць на выбарах, якія могуць прывесці да ўлады ўльтраправых. Першыя папярэднія вынікі стануць вядомыя, пачынаючы з панядзелка. «Найважнейшае тут тое, што партыя Мелані не настроеная па-расейску», – адзначае польская газета Tygodnik Powszechny.
«Хоць Браты Італіі і ўваходзяць у сям’ю правых папулістаў, якіх Масква спрабуе абходжваць, а часам і фінансаваць, тым не менш, калі верыць апошнім заявам дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена:яны чыстыя ў фінансавым плане і не кішаць агентамі. Мелані аддае сабе справаздачу ў тым, што непрыманне дзеянняў і пазіцыі Масквы з’яўляецца найважнейшай перадумовай для таго, каб заходнія саюзнікі дазволілі ёй і яе партыі свабодна кіраваць краінай, і тады ў яе з’явіцца магчымасць задаволіць спадзяванні свайго электарату ў іншых галінах, як то ў справе «абароны каштоўнасцяў» ці «аховы межаў», – падкрэслівае польскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array