Агляд прэсы: Візіт Пэласі выклікаў «навальніцу» ў Токіа



Нэнсі Пеласі заканчвае візіт ва Усходнюю Азію. Еўразвяз мае намер дапамагчы Украіне на восем мільярдаў еўра. Брытаніі пагражае наймацнейшае за 60 гадоў зніжэнне роўню жыцця. У Малдове не хапае дроў на зіму, улады ўводзяць ліміт на іх продаж, падрабязнасці ў аглядзе сусветных СМІ ад Антона Разумоўскага.


Два галоўныя саюзнікі ЗША ва Усходняй Азіі занепакоеныя крызысам, выкліканым візітам спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Піша французскае выданне Lemonde

Атмасфера вакол візіту Нэнсі Пеласі ў Японію ў пятніцу, 5 жніўня, падобная на навальніцу. Пасля знаходжання ў Паўднёвай Карэі спікер Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў спынілася на занепакоеным і нават незадаволеным архіпелагу. Японія з’яўляецца заключным этапам азіяцкага турнэ, адзначанага візітам на Тайвань, які бянтэжыць першых двух саюзнікаў амерыканцаў ва Усходняй Азіі, якія не жадаюць злаваць свайго кітайскага суседа. Пытанне дамінавала падчас сняданку Нэнсі Пеласі з прэм’ер-міністрам Японіі Фуміо Кішыда і яе сустрэчы са спікерам ніжняй палаты японскага парламента Хіроюкі Хасода, калі раз’юшаны Кітай да 7 жніўня праводзіць ваенныя манеўры з баявымі снарадамі вакол Тайваня. «Яны не будуць ізаляваць Тайвань, не даючы нам туды паехаць. У нас былі візіты на высокім узроўні, ад сенатараў вясной, мы не дазволім ім ізаляваць Тайвань», – запэўніла Нэнсі Пеласі на прэс-канферэнцыі ў Токіо.

Гэтыя вучэнні закліканы пакараць Тайбэй. Яны таксама нацэлены на Вашынгтон і Токіа. Манеўры замахваюцца на выключную эканамічную зону Японіі, куды Пекін не саромеўся выпусціць ракетны залп. Спадар Кішыда назваў гэты крок „сур’ёзнай праблемай, якая ўплывае на нацыянальную бяспеку і бяспеку грамадзян” і заклікаў неадкладна спыніць вучэнні. Афіцыйна, па словах прэс-сакратара ўрада Хіраказу Мацуо, Японія «не ў стане каментаваць» візіт Нэнсі Пеласі на Тайвань. Але, паводле дыпламатычных крыніц, «калі б мы маглі выказаць сваё меркаванне, то сказалі б, што гэта не вельмі добрая ідэя». Заўвага, з якой вынікае, што візіт Пэласі не кансультаваўся з афіцыйным Токіа.

***
Еўрапейскі звяз мае намер накіраваць Украіне новы пакет фінансавай дапамогі на 8 мільярдаў еўра. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў нямецкім урадзе. Частка пакета, па дадзеных агенцтва, будзе складацца з грантаў, а іншая частка – з крэдытаў.

Раней стала вядома, што Канада пры садзейнічанні ААН выдзеліць 40 мільёнаў даляраў на стварэнне збожжасховішчаў на тэрыторыі Украіны. Меркаваная дапамога пакрые 25 працэнтаў ад агульнага меркаванага дэфіцыту збожжасховішчаў, паведаміла Міністэрства аграрнай палітыкі і харчавання Украіны. 1 жніўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў мемарандум аб выдзяленні Украіне дадатковай ваеннай дапамогі на паўмільярда даляраў. Акрамя таго, дзяржсакратар Энтані Блінкен адзначыў, што новы пакет дапамогі ўключае ў сябе снарады для рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS і боепрыпасы для 155-міліметровых артылерыйскіх усталёвак.

***
Банк Англіі падымае ўліковыя стаўкі на 0,5 працэнтных пункта, паведамляе Financial Times. Прагнозы па інфляцыі да канца года выйдуць на 13%. Брытанія сутыкнулася з зацяжной рэцэсіяй і самым сур’ёзным за апошнія шэсць дзесяцігоддзяў зніжэннем узроўня жыцця. Пра гэта заявіў Банк Англіі, які рэзка падняў працэнтныя стаўкі і зрабіў прагноз аб 13-працэнтным росце інфляцыі да канца года.

Восем з дзевяці чальцоў банкаўскага камітэта па крэдытна-грашовай палітыцы прагаласавалі за павелічэнне ўліковых ставак на 0,5 адсоткавых пункта да 1,75 адсотка. Гэта самае вялікае павелічэнне за апошнія 27 гадоў. Да гэтага рашучыя крокі ў тым жа самым кірунку распачаў Еўрапейскі цэнтрабанк і Федэральны рэзерв ЗША, якія зрабілі гэта з прычыны рэзка ўзрослай інфляцыі.

***
Урад Малдовы вырашыў абмежаваць кошт квадратнага метра драўніны і ўвесці дадатковыя абмежаванні на яе продаж. Пра гэта паведаміў падчас прэс-канферэнцыі генеральны сакратар урада Дзмітрый Удра, паведамляюць малдоўскія СМІ.

Ён адзначыў, што ўлады распрацавалі шэраг мер па забеспячэнні насельніцтва перад ацяпляльным сезонам дровамі, а таксама зробяць усё магчымае для прадухілення незаконнай высечкі лесу.

„Зіма будзе цяжкай, Рэспубліка Малдова ўразлівая з пункту гледжання забеспячэння энергарэсурсамі, таму ўрад прапануе шэраг мер у гэтых адносінах для забеспячэння каля 658.000 хатніх гаспадарак, якія выкарыстоўваюць традыцыйныя печы на дровах”, – сказаў Удра.

Чыноўнік удакладніў, што ўлады абмяжуюць кошт квадратнага метра драўніны, якую будзе прадаваць агенцтва Moldsilva, якое атрымала дадатковыя субсідыі. Кожная гаспадарка зможа купіць да трох кубаметраў на першым этапе, а ў далейшым, на другім этапе продажу дроў, аб’ёмы рэалізацыі будуць вызначацца ў залежнасці ад наяўных запасаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Array