Агляд прэсы: Выйсця не відаць
Еўрапарламент заклікае стварыць спецтрыбунал над Пуціным і Лукашэнкам. Ці зменяць танкі для ВСУ хаду вайны ва Ўкраіне? Перадвыбарны раскол у Чэхіі. Дзень памяці ахвяр Халакосту: нельга забыць! Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У гэты тыдзень адзначаецца 160-я гадавіна паўстання 1863 года супраць расейскай імперскай улады. Студзеньскае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага было спробай аднавіць супольную незалежную дзяржаву Польшчы, Літвы і Беларусі. Яго імя носіць найвыбітнейшае беларускае вайсковае фармаванне, якое ваюе за Украіну», – піша ўкраінскае выданне The Kyiv Independent.
«Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што Украіне прапанавалі падпісаць дамову аб ненападзе. Украіна ў адказ заявіла, што ніколі не планавала агрэсіі. Пры гэтым Эўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб адмысловым трыбунале над расейскім і беларускім вайсковым кіраўніцтвам, уключна з Лукашэнкам. І ў самы час. У Беларусі плануецца стварыць падкантрольны ўраду камітэт, які будзе вырашаць, ці могуць эміграцыйныя дысідэнты вяртацца ў Беларусь без пагрозы судовага пераследу. Беларускі КДБ бярэ закладнікаў, каб спыніць паведамленні аб перамяшчэнні расейскіх вайскоўцаў на чыгунцы. І нарэшце, жонка палітвязня асуджаная на 2 гады зняволення за інтэрв’ю мясцоваму СМІ, якое задняй датай прызналі «экстрэмісцкім». На сённяшні момант Беларусь з’яўляецца саюзнікам у поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны. Украінская выведка паведаміла 25 студзеня, што ў цяперашні час у Беларусі знаходзяцца 5800 расейскіх вайскоўцаў», – падсумоўвае падзеі тыдня ўкраінскае выданне.
Пасля таго як Берлін прыняў рашэнне дазволіць пастаўку танкаў Leopard-2 Украіне, пачалося рэальнае фармаванне шырокага альянсу краін Захаду па забеспячэнні ВСУ танкамі. Чакаема прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заяўвіў, што Масква расцэньвае гэтыя і іншыя пастаўкі зброі з боку Захаду як «прамы ўдзел у канфлікце». Еўрапейская прэса разважае пра магчымыя наступствы. «Для ўсіх бакоў на коне стаіць занадта шмат, а значыць, няма надзеі на хуткае спыненне пакут і гібелі людзей», – прагназуе люксембургская газета Le Quotidien.
«Калі Захад зараз кіне Украіну на волю лёсу, то якая дэмакратычная краіна стане наступнай ахвярай расейскага ўварвання і суправаджаючых яго фіктыўных рэферэндумаў дзеля анэксіі заваяваных тэрыторый? Калі Расея вырашыць спыніць сваю «спецаперацыю», якая ўжо забрала дзесяткі тысяч жыццяў, то якая будучыня чакае Пуціна і яго паслугачоў? Цяпер бакі не могуць спыніць баявыя дзеянні, не страціўшы твараў. Падобна, што ўсё трапілі ў адну і тую ж пастку. Тут можа быць толькі адно пытанне: як доўга ўсё гэта працягнецца?», – рэзюмуе люксембургскае выданне.
У гэтыя выходныя ў Чэхіі адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Грамадзянам краіны трэба будзе вырашыць, каго б яны хацелі бачыць ля руля краіны: генерала ў адстаўцы Пятра Паўла, які ў мінулым сярод іншага займаў пасаду старшыні Ваеннага камітэта НАТО, альбо экс-прэм’ера Андрэя Бабіша, які падчас сваёй выбарчай кампаніі праславіўся тым, што паставіў пад пытанне прынцып узаемадапамогі сярод краін НАТО. «Апаненты Бабіша таксама перагнулі палку», – лічыць чэшская эканамічная газета Hospodářské noviny.
«Бабіш – зло? Бабіш – агент? Такая рэзкая рыторыка недарэчная ў дэмакратычным грамадстве. Ва ўмовах дэмакратыі пажадана ўмець знаходзіць кансэнсус хаця б наконт самых элементарных рэчаў, напрыклад, дамаўляцца пра тое, што дапушчальна мець зусім іншае меркаванне, чым у твайго апанента, але пры гэтым ставіцца да яго паважліва. Той, хто размаўляе пра зло альбо агентаў, выключае такое паважлівае стаўленне, і здольны затаўраваць не толькі апанента, але і яго выбаршчыкаў», – папярэджвае чэшскае выданне.
27 студзеня 1945 года савецкія войскі вызвалілі найбуйнейшы канцлагер з усіх уладкаваных гітлераўскім рэжымам: Асвенцым (Аўшвіц-Біркенаў). У гэтым комплексе лагераў было забіта каля аднаго мільёна ста тысяч чалавек. З 1996 года дзень 27 студзеня адзначаецца ў Нямеччыне як Дзень памяці ахвяр нацыянал-сацыялізму, а ў 2005 годзе ААН абвесціла гэтую дату Міжнародным днём памяці ахвяр Халакоста. Прэса піша пра тое, як зрабіць так, каб падзеі і злачынствы тых дзён не былі адданыя забыццю. Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung каментуе вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў Нідэрландах, і не хавае сваёй трывогі.
«Амаль чвэрць апытаных мяркуе, што гэты генацыд – усяго толькі выдумка, ці лічыць, што яго маштабы занадта перабольшаныя. Больш за палову заяўляе, што іх краіна не мела да Халакосту ніякага дачынення. Трэба задумацца пра тое, з якіх крыніц даходзіць да людзей інфармацыя пра Халакост і які змест мае гэты кантэнт. Вырашальны фактар, і гэта справядліва для любой дзяржавы, якая жадае атрымаць урокі з уласнай гісторыі: гэта разуменне людзьмі таго, як справа магло дайсці да такіх страшных падзей, і на што наогул здольны чалавек. Без засвойвання грамадствам такіх каштоўнасцяў, як павага чалавечай годнасці, свабода і роўнасць усіх перад законам, небяспека паўтарэння мінулага заўсёды будзе вісець над чалавецтвам падобна да дамоклава мяча», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array