Агляд прэсы: Загнаць у кут
У Беларусі ў баявую гатоўнасць прыведзены артылерыйскія падраздзяленні. Ці чакаць на канец эпохі Пуціна? Танкі Leopard ад Берліна. ЕС прыпыніў выдачу сродкаў Венгрыі па праграме Erasmus. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб гатоўнасці артылерыйскіх падраздзяленняў 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Падраздзяленні мабілізаваны для выканання задач па баявому зладжванню рэгіянальнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі», – перадае расейскай газета „Новые Известия”.
«Напярэдадні Мінабароны абвясціла аб маючых адбыцца сумесных лётна-тактычных вучэннях авіяцыйных падраздзяленняў дзвюх краін. Вучэнні пройдуць з 16 студзеня па 1 лютага. Плануецца задзейнічаць усе аэрадромы і палігоны ВПС і войскаў СПА. Падрыхтоўка аб’яднанай групоўкі войскаў вялася з восені мінулага года. Лукашэнка раней заяўляў, што неабходнасць стварэння гэтай групоўкі прадыктавана пагрозамі з боку заходніх краін. Аснову гэтай групоўкі складае армія Беларусь. Колькасць расейскіх войскаў у ім нязначная, усяго каля дзевяці тысяч чалавек. Напярэдадні стала вядома аб сцягванні часткі ўкраінскіх войскаў да беларускай мяжы. Акрамя таго, украінскія ўлады паведамілі аб будаўніцтве ўмацаванняў у Ровенскай вобласці краіны, якая знаходзіцца на мяжы з Беларуссю. Вайскоўцы пачалі капаць акопы і будаваць абарончыя збудаванні. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў вайскоўцаў быць гатовымі да розных сцэнароў», – паведамляе расейскае выданне.
Усё часцей гучаць здагадкі аб магчымым хуткім сыходзе Пуціна, імаверна гэта будзе па стане здароўя, у выніку палацавага перавароту ці ж на фоне адсутнасці поспехаў у агрэсіўнай вайне супраць Украіны. У некаторых колах разважаюць пра тое, што Пуціна можа не аказацца ў Крамлі ўжо ў гэтым, 2023 годзе. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі на гэты конт. «Надыходзіць смута», – піша расейская анлайн-газета „Важные истории”.
“Усе гэтыя гады Уладзімір Пуцін выступаў своеасаблівым арбітрам у канфліктах сваіх набліжаных. Сама яго постаць забяспечвала хісткі баланс сіл сярод варагуючых груповак, таму што кожная з іх разумела: калі ён сыдзе, то раўнавага будзе парушана, пачнецца вайна ўсіх супраць усіх. Чым бліжэй канец Уладзіміра Пуціна – не важна: палітычны ці фізічны, тым больш высокай становіцца верагоднасць таго, што шматлікія халодныя войны кланаў за ўладу перарастуць у гарачыя. Уладзімер Пуцін пазбавіў самога сябе і дзяржавы манаполіі на гвалт. Сёння гэтай ліцэнзіяй, акрамя войска і праваахоўных органаў, валодаюць разнастайныя вагнераўцы, кадыраўцы і іншыя чэвэкашнікі», – папярэджвае расейскае выданне.
Услед за Польшчай аб гатоўнасці прадаставіць Украіне свае танкі Leopard заявіла і Фінляндыя. Паколькі гаворка ідзе пра танкі нямецкай вытворчасці, сваю згоду павінен даць Берлін. Напярэдадні саміту ў Рамштайне ціск на канцлера ФРГ Шольца ўзрастае, пра гэта сведчаць і старонкі еўрапейскай прэсы. «Аргументы федэральнага канцлера супраць паставак танкаў Leopard з кожным днём гучаць усё больш надумана», – лічыць нямецкая газета Der Tagesspiegel.
«У НАТО няма пагаднення, якое забараняла б такія пастаўкі. У выпадку паставак танкаў Нямеччына зусім не засталася б у адзіноце. Усё роўна наадварот: адзінота пагражае Берліну менавіта ў тым выпадку, калі ён будзе перашкаджаць прадастаўленню Кіеву танкаў, адмаўляючыся выдаць дазвол на экспарт, у той час як усе саюзнікі выступаюць за пастаўкі. Акрамя таго, узмацняецца ўражанне, што калі ЗША раптам націснуць, то Шольц саступіць. Якая жудасная гіронія лёсу: СДПН як сіла, якая ўзмацняе залежнасць краіны ад ЗША, замест таго каб умацоўваць здольнасць Еўропы дзейнічаць разам!», – падкрэслівае нямецкае выданне.
У Венгрыі 21 універсітэт, які фінансуецца за кошт розных фондаў, пакуль што застаецца без сродкаў, што выдзяляюцца ЕС у рамках праграмы Erasmus: такое рашэнне вынесла Еўракамісія адначасова з замарожваннем у снежні выплаты Будапешту сродкаў з Кагезійнага фонду ЕС. Брусель ставіць Венгрыі ў віну наяўнасць канфліктаў інтарэсаў у гэтай сферы і высокую рызыку карупцыі, паколькі ў апякунскіх саветах ВНУ засядаюць высокапастаўленыя палітыкі. «Еўразвяз загадзя папярэджваў Будапешт», – падкрэслівае венгерская газета Népszava.
«ЕЗ неаднаразова ўказваў на тое, што Будапешт павінен зрабіць нейкія крокі ў гэтай сферы, паколькі ў Брусэлі асцерагаюцца, што сродкі, якія выдзяляюцца, выкарыстоўваюцца не па прызначэнні. Няма нічога незвычайнага ў тым, што той ці іншы ўніверсітэт узначальваецца камітэтам, у які ўваходзяць не толькі людзі з вышэйшай адукацыяй. Аднак сітуацыя, пры якой падобнымі пасадамі абзаводзіцца палова ўрада краіны і большая частка яго атачэння, проста беспрэцэдэнтная як для Еўропы, так і, магчыма, для ўсяго свету», – канстатуе венгерскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Array