Агляд прэсы: захаваць памяць



Ватыкан адварочваецца ад каталікоў Беларусі? Відэа з расстрэлам украінскага ваеннапалоннага. Сі Цзіньпін абвінавачвае Захад у імкненні «прыгнесці» Кітай. У Францыі новыя масавыя пратэсты супраць пенсійнай рэформы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У Беларусі арыштоўваюць святароў за абарону правоў чалавека і супрацьстаянне вайне ва Украіне. Ватыкан стаіць склаўшы рукі», – піша міжнароднае выданне Coda.

«Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну звузіла прастору для каталіцкай царквы і яе святароў у Беларусі для крытыкі ўрада і яго аўтарытарнага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, блізкага саюзніка прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Хоць прыгнёт Касцёлу пачаўся неўзабаве пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, падчас якіх Лукашэнка атрымаў 80% галасоў, беларускі рэжым скарыстаўся ўвагай да вайны ва Украіне, каб атрымаць яшчэ большы кантроль над ключавым рэлігійным інстытутам беларускага грамадства. Гэта таксама аказалася магчымасцю пакласці канец таму, што беларускі ўрад лічыць небяспечным ачагом уплыву Захаду ў краіне, якая дазваляе расейскім вайскоўцам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для вядзення вайны супраць Украіны. Для католікаў у Беларусі «уся атмасфера стала атмасферай страху». Гістарычна беларускі Каталіцкі Касцёл мае цесныя сувязі з Польскім Каталіцкім Касцёлам, які пасля распаду Савецкага Саюза спрыяў павелічэнню колькасці беларускага каталіцкага духавенства. Працуючы над разрывам сувязяў паміж гэтымі дзвюма Касцёламі, Лукашэнка лічыць, што ён выгнаў шкодны ўплыў Захаду, які навіс над другой па велічыні рэлігійнай супольнасцю краіны. Калі каталіцкае духавенства ў Беларусі спадзявалася, што Ватыкан будзе выступаць за іх права на свабоду слова, то яно памылялася. Па сутнасці, ватыканская дыпламатыя сур’ёзна аслабіла здольнасць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі супрацьстаяць прашчам і стрэлам урада Лукашэнкі. Замест таго, каб абараняць сваіх святароў, ватыканскія царкоўныя дыпламаты занялі прымірэнчы тон з беларускім рэжымам, гарантуючы, што ўплыў Касцёла на высокім узроўні не змяншаецца. Гэты крок нагадвае Ostpolitik, стратэгію часоў халоднай вайны, у выніку якой Ватыкан адкрыў каналы сувязі з камуністычнымі ўрадамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы», – адзначае міжнароднае выданне.

У інтэрнэце распаўсюджваецца пакуль што не верыфікаванае відэа, на якім адлюстраваны расстрэл украінскага ваеннапалоннага, як мяркуецца, расейскімі салдатамі. Паводле заявы ВСУ, гаворка ідзе пра ўкраінскага вайскоўца, які ўдзельнічаў у баях за Бахмут і з 3-га лютага лічыўся зніклым без вестак. Польская газета Rzeczpospolita дае наступны каментар.

«Злачынцы гэтага і мінулага стагоддзяў нязменна спрабавалі схаваць свае злачынствы. Магілы ў Катыні, пераараныя пахаванні ахвяр сталінскага рэжыму, попел у Асвенцыме. І нацысты, і камуністы імкнуліся не пакідаць слядоў. Тыя, хто зняў гэтае страшнае відэа, цешаць сябе ілюзіяй, што ім атрымаецца замесці сляды, а лічбавы акіян дазволіць схаваць ідэнтычнасці злачынцаў і ахвяр. Аднак гэта памылка. Сапраўды гэтак жа, як былі ўсталяваныя асобы якія здзяйснялі злачынствы ў Бучы, неўзабаве будуць названыя і імёны тых, хто забіў украінскага ваеннапалоннага», – папярэджвае польскае выданне.

Лідэр Кітая Сі Цзіньпін выступіў з нечакана рэзкімі фармулёўкамі ў адрас Захаду: як паведамляе кітайскае дзяржаўнае агенцтва навін Xinhua, у кулуарах Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў у Пекіне ён заявіў, што заходнія краіны на чале з ЗША, маўляў, спрабуюць акружыць, ізаляваць і здушыць Кітай. Аглядальнікі разважаюць над сэнсам і мэтай гэтых выказванняў. На думку аўстрыйскай газеты Der Standard, Кітай працягне вырабляць дыпламатычныя каленцы.

«На працягу доўгага часу ў Пекіна мелася вялізная перавага: час. Самае пазней да 2030 года Кітай адціснуў бы ЗША з месца першай эканомікі свету. А датуль ён пашыраў бы свае знешнепалітычныя сувязі, падвышаў выдаткі на ўзбраенні і чакаў бы на той момант, калі чарговы востры фінансавы крызіс нанясе ўдар па капіталістычным канкурэнце па тым боку Ціхага акіяна. Расейскае ўварванне ва Украіну адправіла Пекін у цугцванг. Адназначна ўстаць на бок Масквы і «нарвацца» на канфлікт з ЗША там не рызыкуюць. Адназначна асудзіць Расею і заняць пазіцыю супраць яе не адпавядала б доўгатэрміновай стратэгіі Камуністычнай партыі Кітая. Асюль і вынікае той нясталы зігзагападобны курс, які наносіць немалы ўрон рэпутацыі Кітая ў вачах Захаду», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.

У аўторак у Францыі сотні тысяч людзей зноў выйшлі на акцыі пратэсту: па краіне пракацілася новая хваля забастовак і дэманстрацый супраць запланаванай пенсійнай рэформы. Па звестках уладаў, на вуліцы па ўсёй краіне выйшлі 1,3 мільёны чалавек. Былі адменены цягнікі далёкага накіравання і электрычкі, не выйшлі на працу настаўнікі, заблакіраванымі аказаліся нафтаперапрацоўчыя заводы. „Хваля пратэстаў ставіць пад пагрозу эканоміку», – піша нямецкая газета Handelsblatt.

„Уся справа ў тым, што прафсаюзы маюць намер пашырыць маштаб забастовак менавіта ў энергетычным сектары. Так на прадпрыемствах энергетычнага канцэрна EDF ужо напрыканцы мінулага тыдня пачаліся прастоі, і аб’ём электраэнергіі ў Францыі зніжаецца. Страйкі на нафтаперапрацоўчых заводах канцэрна Total Energies напэўна паўплываюць на сітуацыю з бензінам і дызелем. Усё гэта можа выліцца ў рост коштаў, прычым не толькі для кампаній і прадпрыемстваў, але і для працуючага насельніцтва”, – папярэджвае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array