Агляд прэсы: збіцца са шляху
Уступленне Беларусі ў вайну ва Украіне можа быць рызыкоўным нават для Пуціна. 30 гадоў таму: рассакрэчаныя дакументы пра Катынскі растрэл. У Славакіі абмяркоўваюць забойства на глебе гамафобіі. Якая будучыня ў атамнай энэргетыкі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Мабілізацыя і адпраўка беларускіх войскаў для барацьбы ва Ўкраіне можа дэстабілізаваць рэжым у Менску. І гэта была б дрэнная навіна для Масквы», – піша арабскае выданне Al Jazeera.
«На працягу апошніх васьмі месяцаў Беларусі ўдавалася трымацца ў баку ад непасрэднага ўдзелу ў вайне ва Украіне, хоць яна і паслужыла плацдармам для поўнамаштабнага ўварвання Расеі ў суседнюю краіну. 10 кастрычніка Лукашэнка заявіў аб разгортванні «сумеснай беларуска-расейскай вайсковай групоўкі» ў адказ на нібыта пагрозу нападу з боку Украіны. Гэты крок сведчыць пра тое, што Лукашэнка рыхтуе беларускую грамадскасць, якая з самага пачатку канфлікту катэгарычна выступае супраць уцягвання беларускіх узброеных сілаў у вайну ва Ўкраіне, адначасова шукаючы фармальнае апраўданне для большага ўдзелу Беларусі ў канфлікце. Зараз беларуская армія налічвае каля 65 тысяч вайскоўцаў, пры гэтым пачалася схаваная мабілізацыя пад прыкрыццём праверкі баяздольнасці і боегатоўнасці войскаў. Беларускім вайскоўцам забаронены выезд за мяжу. Лукашэнка будзе патрабаваць ад Масквы большай палітычнай і эканамічнай падтрымкі, што можа адцягнуць увагу Пуціна ад Украіны. Народнае паўстанне ў Беларусі таксама можа быць вельмі небяспечным для расейскага прэзідэнта, бо можа ліквідаваць аднаго з яго бліжэйшых паплечнікаў і справакаваць палітычныя ўзрушэнні ў самой Расеі. Разгортванне беларускіх войскаў на тэатры ваенных дзеянняў ва Украіне можа быць не вельмі эфектыўным на месцы і можа паскорыць падзенне Лукашэнкі, што Крэмль, верагодна, ведае і ўлічвае, прымаючы рашэнні», – паведамляе арабскае выданне.
30 гадоў таму, 14 кастрычніка 1992 года, Барыс Ельцын перадаў прэзідэнту Польшчы Леху Валенсе знакаміты пакет № 1 – дакументы аб Катынскім расстрэле. Яшчэ праз 10 месяцаў Ельцын скажа «Прабачце нас» і ўстане на калені перад помнікам на ваенных могілках у Варшаве.
«Крэмль яшчэ да распаду СССР прызнаў адказнасць «Берыі, Мяркулава і іх падручных» за знішчэнне «вяршкоў» польскай інтэлігенцыі і афіцэрства: увесну 1940 года 25 700 чалавек былі забітыя па рашэнні спецыяльнай тройкі НКУС у адпаведнасці з пастановай Палітбюро. Гарбачоў перадаў Ярузэльскаму спісы польскіх афіцэраў – вязняў лагераў НКУС, але сакрэтны пакет ускрываць не стаў», – перадае расейскае незалежнае выданне Graniru.
Пры Пуціне катынскі сюжэт – адзін з самых галоўных для разумення логікі і метадаў крывавага рэваншу НКУС-КДБ. Сабатаж расследавання, ухіленне ад прабачэнняў, крывадушныя рэверансы і грозныя намёкі. У 2010 годзе Пуцін сказаў, што Сталін «здзейсніў гэты растрэл, зыходзячы з пачуцця помсты» за палонных чырвонаармейцаў, потым манеўры пасля смаленскай трагедыі, пастанова Дзярждумы і тэлепаказ фільма, усё больш нахабная рэвізія гісторыі ў афіцыйнай рыторыцы і масавай медыяпрадукцыі, дапамога продажным суддзям («Мемарыял» з 1989 года і аж да сваёй ліквідацыі біўся ў судах за рассакрэчванне), і, нарэшце, канчатковае выварочванне праўды навыварат.
Цяпер ужо зусім няважна, ці назаве Крэмль Катынскі расстрэл «паклёпніцкай выдумкай гебельсаўскай прапаганды» (як у 70-х) або «законным рашэннем эфектыўнага мэнэджара аб самаабароне». Ад Катыні да Бучы – прамы шлях. Якія ж мы былі наіўныя, – расчаравана расейскае выданне.
У сталіцы Славакіі Браціславе адбылося злачынства на глебе нянавісці да ЛГБТ. Каля ўваходу ў бар, у якім сустракаліся прадстаўнікі меншасцяў, 19-гадовы гамафоб застрэліў двух мужчын і цяжка параніў афіцыянтку. Пасля гэтага злачынец запосціў паведамленні, якія пырскаюць нянавісцю ў стаўленні да сэксуальных меншасцяў, і, паводле заявы паліцыі, здзейсніў самагубства. Прынамсі партал Aktuality.sk бачыць рашэнне праблемы.
«Гаворка тут не ідзе пра тое, каб назваць забойцу тэрарыстам ці, наадварот, ахвярай тэорый змовы і радыкалізацыі грамадскай прасторы, у тым ліку і віртуальнай. Нішто не прабачае яго жахлівага ўчынку. Колькасць асобаў, якія здзяйсняюць падобныя напады, расце, роўна як і колькасць іх ахвяр. І мы павінны глядзець у твар гэтым фактам. Наш абавязак – заклікаць палітыкаў спыніць выступы з заявамі, якія распальваюць нянавісць, а таксама даваць адпор нецярпімасці ў стаўленні да сэксуальных і іншых меншасцяў, паўсюдна таўраваць шавінізм і ўсе выказванні, накіраваныя на пазбаўленне чалавека яго законных інтарэсаў. Мы не маем права сядзець склаўшы рукі і чакаць, хто стане наступнай ахвярай», – заклікае славацкае выданне.
Актывістка руху ў абарону клімату Грэта Тунберг выказалася за працяг эксплуатацыі дзейных АЭС. Выступаючы ў эфіры ток-шоу Сандры Майшбэргер на Першым канале нямецкай тэлерадыёкампаніі ARD, яна заявіла: «Калі ўжо яны на хаду, то я думаю, было б памылкай адключаць іх, і перайсці на вугаль». Словы Грэты выклікалі шырокі рэзананс. Еўрапейская прэса падзялілася ў меркаваннях. Улічваючы праблемы, якія Францыя адчувае са сваімі барахлівымі АЭС, бельгійская газета De Morgen спяшаецца папярэдзіць пра небяспеку падобных станцый.
«Састарэлыя электрастанцыі маюць патрэбу ў інтэнсіўным абслугоўванні. Гэта тэхналогія не застрахавана ад уплыву глабальнага пацяплення, якое абяцае новыя засухі і паводкі. Да таго ж нельга ўвесь час разлічваць на гэтую крыніцу энергіі, якая не ў стане канкураваць на рынку з таннейшымі, мабільнымі і гнуткімі тэхналогіямі. У той час як Брусель рэабілітаваў ядзерную энергію і пачынае разглядаць яе як каштоўны складнік энергетычнага балансу, на прыкладзе Парыжа мы бачым, што трэба адмовіцца ад сляпой веры ў цудадзейныя зёлкі і простыя рэцэпты», – папярэджвае бельгіскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array