Агляд прэсы: Журналіст = экстрэміст



Беларускую журналістку TVP Ірыну Слаўнікаву асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Армяна-азербайджанскія сутычкі ў Нагорным Карабаху. Выбух на французскай нітрацэлюлознай  фабрыцы. Ёсць параненыя, адбылася эвакуацыя. Нілэрландскія шпіталі адмяняюць аперацыі. Прычына – недахоп кадраў. Падрабязнасці ў аглядзе сусветнай прэсы ад Антона Разумоўскага.

Фота: @bajby

Беларускую журналістку польскага тэлеканала TVP Ірыну Слаўнікаву ў сераду асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Rzeczpospolita спасылаючыся на «Белсат». Суд прызнаў яе вінаватай у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».

У кастрычніку мінулага года Ірыну Слаўнікаву, журналістку, звязаную з TVP 15 гадоў, затрымалі ў аэрапорце ў Менску, калі яна з мужам вярталася з паездкі ў Егіпет. За «размяшчэнне экстрэмісцкага кантэнту ў Фэйсбук» пару тады асудзілі на 15 сутак арышту, праз 45 сутак мужа журналісткі выпусцілі з-пад варты, а жанчыне прад’явілі новыя абвінавачанні. Улады Беларусі прызналі тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкай арганізацыяй». Гэта азначае, што супрацоўнікам станцыі і гледачам пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. „У Беларусі экстрэмісцкімі фармаваннямі можна назваць што заўгодна. Вось як гэта было прыдумана. Відавочна, што Ірыну асудзілі за нармальную журналісцкую працу”, – заявіла дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы.

У Нагорным Карабаху адбыліся сутычкі паміж армянскімі і азербайджанскімі войскамі. Загінулі два чалавекі з армянскага боку і адзін вайсковец з Азербайджана,, піша Associated Press. Вайскоўцы непрызнанага Нагорнага Карабаху паведамілі, што ў выніку нападу беспілотнікаў азербайджанскіх сіл двое армянскіх вайскоўцаў загінулі і 14 параненыя. Міністэрства абароны Азербайджана заявіла, што адзін вайсковец загінуў у выніку «тэрарыстычнага акту», учыненага «незаконнымі армянскімі вайсковымі фармаваннямі». Азербайджанскія вайскоўцы адказалі «аперацыяй у адказ», забіўшы і параніўшы нявызначаную колькасць «армянскіх баевікоў».

Арменія і Азербайджан дзесяцігоддзямі вядуць барацьбу за Нагорны Карабах, які дэ-юрэ знаходзіцца ў межах Азербайджану, але фактычна з’яўляецца незалежным дзяржаўным утварэннем, хоць і не прызнаным ніякай іншай краінай, нават Арменіяй, хоць яе кантралююць этнічныя армяне. Найбольш крывавыя сутычкі паміж армянамі і азербайджанцамі за Нагорны Карабах адбыліся ў 1988-1994 гадах. Апошняя эскалацыя канфлікту адбылася ў 2020 годзе; загінула тады больш за 6 тысяч чалавек.

У горадзе Бержэрак, што ў рэгіёне Новая Аквітанія на паўднёвым захадзе Францыі, адбыўся выбух і пажар на нітрацэлюлознай фабрыцы. Станцыя BFMTV паведамляе найменш пра восем параненых, у тым ліку аднаго ў цяжкім стане, жыхары раёна былі эвакуяваныя. Ідзе ратавальная аперацыя, у якой удзельнічаюць паліцыя і пажарныя. Увечары яны заявілі, што агонь знаходзіцца пад кантролем і не ўяўляе пагрозы для мясцовых жыхароў. У той жа час мясцовыя ўлады рэкамендуюць не набліжацца да завода, бо тэрыторыя можа быць забруджаная нітрацэлюлозай. Завод у Бержэраку вырабляе выбуховыя рэчывы для ваеннага і грамадзянскага выкарыстання і іх выбуханебяспечны кампанент нітрацэлюлозу; класіфікуецца як завод, катастрофа на якім можа прадстаўляць „сур’ёзную пагрозу” для навакольнага асяроддзя.

Некаторыя шпіталі ў Нідэрландах адмяняюць планавыя аперацыі з-за недахопу персаналу, паведамляе партал NU.  Часова зачыненыя прыёмныя пакоі і нават цэлыя аперацыйныя аддзяленні. У аўторак шпіталь Антоніуса ў Снэке на поўначы Нідэрландаў на месяц закрыў адну з чатырох аперацыйных. Шпіталь ЛангеЛанд у Зутэрмеры, у цэнтральнай частцы краіны, таксама быў вымушаны закрыць аддзяленне неадкладнай дапамогі з-за праблем, звязаных з недахопам персаналу. Там хуткая дапамога будзе працаваць да кастрычніка толькі тры дні на тыдзень.

Беларускае Радыё Рацыя

Array