Агляд прэсы: знак вайны



Чаму расейскае разгортванне ракет у Беларусі мае значэнне? Для чаго сустрэлася Вялікая сямёрка? Саміт NATO: да якіх выклікаў рыхтавацца Захаду? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Іран можа павучыцца на прыкладзе перамяшчэння Расеяй ракет у Беларусь і зрабіць высновы пра ўласнае выкарыстанне ракет у рэгіёне. Расея збіраецца накіраваць свайму саюзніку Беларусі ядзерныя ракетныя комплексы малой далёкасці», – паведамляе ізраільская газета Jerusalem Post.

«За гэтым ракетным планам стаіць шэраг фактараў, якія ўяўляюць сабой сур’ёзную эскалацыю. Расея выкарыстоўвае Беларусь у рамках вайны супраць Украіны. Беларусь — тая ж дыктатура і блізкі саюзнік Расеі, пешка і спадарожнік, нават давераная асоба вайны Пуціна. Важнае значэнне ў расейскім кроку па размяшчэнні больш ракет у Беларусі – гэта вывучэнне таго, як рэагуе Захад. Выкарыстанне небяспечных балістычных ракет у якасці інструмента эскалацыі часта назіраецца на Блізкім Усходзе. Садам Хусэйн выкарыстаў ракеты Scud падчас вайны ў Персідскім заліве, незаконна атакаваўшы Ізраіль пры дапамозе ракет. Пазней Іран пачаў перакідваць ракеты сваім давераным асобам і саюзнікам. Ён выкарыстаў балістычныя ракеты супраць Эр-Рыяда з Емена; ён выкарыстаў крылатыя ракеты супраць Саудаўскай Аравіі; і ён выпусціў балістычныя ракеты па амерыканскіх сілах у Іраку і Курдыстане ў Іраку. У прынцыпе, Іран адчувае поўную беспакаранасць, тэрарызуючы рэгіён ракетамі. Здаецца, такія групы, як ХАМАС, таксама карыстаюцца гэтым пачуццём беспакаранасці. Хезбала таксама назапашвае ракеты і беспілотнікі.

У выніку разгортванне ракет Расеяй важнае, таму што яно мае наступствы для Блізкага Усходу з пункту гледжання таго, якія меры стрымлівання Захад можа ўвесці ў гульню. Пакуль здаецца, што ў Захада няма рэальнага адказу краінам, якія гатовыя выкарыстоўваць ваенную сілу. Напрыклад, Украіна атрымлівае некаторую вайсковую дапамогу, але тая прыбывае недастаткова хутка, каб адкінуць Маскву або пагражаць Расеі. Некаторыя галасы на Захадзе, якія падтрымліваюць мір або падтрымліваюць Расею, часта сцвярджаюць, што ЗША і Захаду не патрэбна эскалацыя супраць «ядзернай» Расеі», – адзначае ізраільскае выданне.

***

Падчас саміту Вялікай сямёркі, які праходзіць гэтымі днямі ў замку Эльмау ў Баварыі, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў вядучых прамысловых дзяржаў свету прадэманстравалі рашучасць даць адпор Расеі. Аднак пытанні аб тым, ці будуць уведзены новыя санкцыі ў дадатак да ўжо прынятых і ці змогуць краіны Захаду прыцягнуць на свой бок новых саюзнікаў, пакуль што застаюцца адкрытымі. Еўрапейская прэса разыходзіцца ў меркаваннях.

«Гэтая група краін хаця б прыўносіць некаторую стабільнасць у той хаос, што выліўся сягоння ў свеце», – адзначае швейцарская газета Tages-Anzeiger.

«Калі госці саміту Вялікай сямёркі – ад Аргенціны і Індыі да Сенегала – зразумеюць, што знаходжанне на баку дэмакратый і выбудаванай на правілах сістэмы свабоднага гандлю прыносіць ім куды большыя выгады, чым знаходжанне на супрацьлеглым баку, то гэта стала б сур’ёзным поспехам у цяперашнія часы новых палітычных блокаў. Вяртання да глабалізацыі ўзору 2000-х ці 2010-х ужо не будзе. Расея, бразнуўшы дзвярыма, пакінула кола заходніх краін. Кітай прыняў рашэнне (прынамсі пры Сі Цзіньпіне і ў любым выпадку – да правядзення наступнага з’езду КПК) у сітуацыі расколу ўстаць на бок Пуціна. Такім чынам, у краін Вялікай сямёркі не так ужо шмат варыянтаў. Ім трэба будзе выпрацоўваць свой курс ва ўмовах новага светапарадку, і змякчаць наступствы магчымых удараў», – адзначае швейцарскае выданне.

***

Марафон сустрэч на вышэйшым узроўні працягваецца: пасля саміту ЕЗ у Бруселі і сустрэчы Вялікай сямёркі на поўдні Германіі зараз чакаецца сустрэча прадстаўнікоў краін NATO, якая з аўторка па чацвер пройдзе ў Мадрыдзе. Прадугледжваецца, што на саміце будзе прынята стратэгічная канцэпцыя на будучае дзесяцігоддзе. Еўрапейская прэса разважае аб тым, з якога флангу пагражае небяспека.

У кантэксце абяцанняў, ужо дадзеных Украіне, латвійская газета Diena заклікае да іх своечасовага выканання.

«Для Латвіі і нашага рэгіёну важным будзе пытанне аб аказанні дадатковай падтрымкі Украіне, якая зараз мае ў ёй патрэбу як ніколі. Вельмі верагодна, што на гэты конт будуць прыняты станоўчыя рашэнні, аднак пытанне па-ранейшаму заключаецца ў тым, ці будуць выконвацца дадзеныя абяцанні і ў якія тэрміны будзе аказвацца абяцаная дапамога. У першую чаргу гэта датычыцца краінаў так званай старой Еўропы. Вядомы нам вопыт дэманструе, што менавіта Германія не надта спяшалася з пастаўкай абяцаных узбраенняў», – падкрэслівае латышскае выданне.

***

У пятніцу Вярхоўны суд ЗША вынес пастанову, якая можа адкрыць прамую дарогу ўвядзенню забарон на аборт. Суддзі адмянілі рашэнне ад 1973 года, паводле якога жанчына магла сама прымаць рашэнне аб перапыненні ці працягу цяжарнасці, і перадалі гэтае пытанне ў кампетэнцыю асобных штатаў, многія з якіх неадкладна прыступілі да ўзмацнення жорсткасці адпаведнага заканадаўства. Па краіне пракаціліся пратэсты.

Брытанская газета The Spectator вітае той факт, што гэтае рашэнне зараз аддадзена на водкуп дэмакратычна абіраным органам улады.

«Нават калі вы за ліберальнае заканадаўства ў сферы абортаў, усё роўна варта падтрымаць гэтае рашэнне Вярхоўнага суда, прынамсі, калі вы лічыце, што ў краіне павінен мець месца здаровы дэмакратычны працэс, заснаваны на дэмакратычных дэбатах. У Канстытуцыі ЗША няма нічога, што нават аддалена нагадвае права на аборт. Рашэнні, падобныя да таго, што было прынята па справе Роу, па сутнасці, носяць характар заканатворчасці: яны павінны прымацца на ўзроўні выканаўчай, але не судовай улады. Якой бы думкі вы не прытрымліваліся наконт абортаў, варыянт, пры якім рашэнне па гэтым пытанні загадзя прымаецца дзевяццю мужчынамі і жанчынамі, якіх ніхто не выбіраў, больш не пройдзе! А таму так таму і быць», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array