Аляксандр Фрыдман: Стаўленне да Лаўрова – сігнал Пуціну
Госць Рацыі – палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман. У нашым эфіры ён аналізуе саміт G20.

РР: Хацеў бы, каб мы ўзгадалі Лаўрова. Сустракаліся главы МЗС G20, там між іншым закраналася пытанне Украіны. З Лаўровым ніхто не захацеў фатаграфавацца. І мне тут згадваецца, калі ён выступаў, здаецца, на сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, усе пачалі таксама выходзіць з гэтай залы. Што не так з Лаўровым, чаму ніхто не хоча з імі размаўляць, бо тэарэтычна гучаць гэтыя канцэпцыі, што варта размаўляць з Расеяй, напрыклад, з Лаўровым?
Аляксандр Фрыдман: Тут два чыннікі. Гэта асабісты і пазіцыя Расеі. З пазіцыяй Расеі ўсё цалкам зразумела, гэта тое, што з Лаўровым не хочуць размаўляць і паціскаць яму рукі. Гэта відавочнае стаўленне да расейскай знешняй палітыкі і да расейскай вайны супраць Украіны. І тут яшчэ ёсць і персанальнае стаўленне да Лаўрова, бо гэта чалавек з выключна дрэннай рэпутацыяй. Мы ўсе ведаем, якія ён заявы рабіў і робіць. Гэта чалавек, якога сістэматычна лавілі на падмане, на хлусні, таму яму паказалі і асабістае стаўленне да яго.
І яшчэ, напэўна, трэці чыннік. Гэта тое, што, і гэта мне падаецца слушна, лідары еўрапейскіх краін, ЗША і Канады лічаць, што Лаўроў у Расеі нічога не вырашае. Таму які сэнс размаўляць з ім, бо размовы з гэтым чалавекам нічога не даюць. Яшчэ, мабыць, што таксама важна ў дачыненні да Балі, вядома, што будзе яшчэ G-20 саміт, на якім збяруць кіраўнікоў дзяржаў. І там ідуць размовы – будзе Пуцін там ці Пуціна не будзе. І вось сённяшняе стаўленне да Лаўрова – гэта яшчэ і сігнал Пуціну, што яго чакае, калі ўсё ж такі ён паспрабуе з’явіцца там на Балі.
РР: Вы думаеце, што Пуцін нават не паедзе, паглядзеўшы на гэтую сітуацыю, як прынялі Лаўрова?
Аляксандр Фрыдман: Пакуль вядома, што было выказванне прэм’ер-міністра Італіі Марыё Драгі, які спасылаўся на свайго калегу з Інданезіі, які выключаў прамы ўдзел Пуціна ў гэтым саміце. Калі Пуцін там і з’явіцца, то, хутчэй за ўсё, па відэасувязі. І вось такі варыянт, відэасувязь з Пуціным, мне падаецца верагодным.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array