Аляксандр Класкоўскі: Канстытуцыя даўно ўтаптаная ў гразь
15-га сакавіка ў Беларусі – чырвоны дзень календара, хаця – ужо працоўны. Дзень Канстытуцыі 1994 года, якая за часы Аляксандра Лукашэнкі, як правіцеля краіны, зменена на столькі, што цяжка яе назваць той самай. Пэўна, што беларуская нацыя на такое стаўленне да Канстытуцыі ўладаў і не на такія законы разлічвалі напачатку аднаўлення незалежнасці.

Наш карэспандэнт Якуб Сушынскі пагутарыў з „Госцем Рацыі” Аляксандрам Класкоўскім:
– Адразу хачу падкрэсліць, што вайна супраць Украіны, якая пачалася, яна адсунула ўсе тэмы не тое што на другі, а на дзясяты план. Я не думаю, што нехта ў Беларусі згадвае пра гэта свята – Дзень Канстытуцыі. Тым болей, што фактычна яна ўжо даўно ўтаптаная ў гразь. Тым не меней я думаю, што на гэтую тэму варта гаварыць, варта разважаць, варта згадваць. Якія былі этапы станаўлення таго аўтарытарызму жорсткага ў Беларусі, калі ў выніку той чалавек, які ў крэсле кіраўніка дзяржавы, пачынае казаць, што: „Иногда не до законов”. Гэта ўсё пачыналася паступова. Я згадваю 1994 год, калі ішлі дыскусіі пра беларускую канстытуцыю, пра той першы ўмоўна кажучы варыянт. Тады многія гаварылі, што гэта канстытуцыя робіцца пад Кебіча – тагачаснага прэм’ера. Ён фактычна быў уладаром краіны. Гэта таксама быў аўтарытарызм, але па цяперашніх мерках такі мяккі. Усё ж такі ў гэтыя гады была высокая ступень грамадскіх свабодаў, свабоды прэсы таксама. Быў такі пікантны момант, калі абмяркоўваўся ўзроставы цэнз. У выніку ён застаўся на ўзроўні 35-ці гадоў, хаця хацелі ўзняць да 40. Чаму я кажу, што гэта пікантны момант, бо калі б узнялі гэты цэнз, то тады Аляксандр Лукашэнка аўтаматычна адпадаў бы і не быў бы ў ліку кандыдатаў. Гісторыя павярнулася так, што ён не толькі ўзяў удзел у тых выбарах, але як вядома і перамог. Дарэчы трэба прызнаць, што выбары былі адносна свабодныя, адносна дэмакратычныя. А вось потым са свабодай і дэмакратыяй станавілася ўсё горай і горай.
Беларускае Радыё Рацыя
Array