Аляксандр Класкоўскі: Пакуль роля Каардынацыйнай рады невядомая
Каардынацыйная рада яшчэ не пачала функцыянаваць, а ўжо выклікае дыскусіі. Нядаўна абвясцілі, што скончыўся этап рэфармавання складу Каардынацыйнай рады. Агулам цяпер яна складаецца з 22 мінулых чальцоў, 73 новых сябраў грамадскіх арганізацый і 15-ці самавылучэнцаў. Ці хопіць рэсурсаў у беларускай апазіцыі за мяжой, каб рэалізаваць гэты праект? Пытанне, якое зараз павінны вырашыць палітыкі, – заўважае аналітык Аляксандр Класкоўскі:
– Шчыра кажучы, дастаткова крытычна стаўлюся да перспектываў Каардынацыйнай рады. Прытым, што там абойма вельмі паважаных людзей, але некаторыя злыя языкі кажуць, што гэта Усебеларускі народны сход, што не было ніякіх прамых выбараў. Наўпрост на нейкай электроннай платформе арганізаваць масавыя выбары немагчыма. Можа атрымацца ў выніку такая чарговая эмігранцкая тусоўка, будзе нейкія праблемы абмяркоўваць, але вялікай масе людзей ў Беларусі, якія хочуць перамен, будзе не вельмі цікава, напэўна.

Спроба дэмакратычных сілаў у эміграцыі выбудаваць структуры, падобныя да дзяржаўных беларускіх – крыху наіўна з палітычны пункту гледжання. Да Каардынацыйнай рады Аляксандр Класкоўскі выкарыстоўвае акрэсленне “валізка без ручкі, якую шкада кінуць”:
– І гэта можа ператварыцца ў гаварыльню. І тут адно з двух: або гэтая Каардынацыйная рада зноў жа будзе, як і Кабінет, у цені офіса Ціханоўскай; ці наадварот, калі, напрыклад, яна пачне вельмі жорстка ставіць нейкія пытанні рубам, там „падкошваць” нейкія ініцыятывы Кабінета, то гэта можа павялічыць нейкі раздрай і ў апазіцыі. Так што тут шмат пытанняў і вялікіх спадзеваў, што гэтая рада пераверне ўсё ў добрым сэнсе, у мяне няма.
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады паведамляюць, што зараз унутры структуры працягнецца праца па стварэнні рэгламенту і рэфармаванні непасрэдна функцый арганізацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Array