Аляксандр Мілінкевіч: Еўропа чакае прапаноў ад беларусаў
Ініцыятыва Belarus in Focus у партнёрстве з беларускай экспертнай сеткай „Наша думка” і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) правялі анлайн-сустрэчу „Больш Еўропы для Беларусі: як гэтага дабіцца ў 2023 годзе?”.

Важнасць выпрацоўкі стратэгіі беларусамі ў выгнанні, якую ад іх чакае Еўропа, падкрэсліў канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэту Аляксандр Мілінкевіч:
– Мы не проста цікавыя Еўропе, а Еўропа страшэнна зацікаўлена, каб у нас была дэмакратыя. Ніхто ў Бруселі не напіша стратэгію сённяшняга змагання з дыктатурай, з таталітарызмам, ніхто ў Еўропе не напіша стратэгію будучай Беларусі. Ад нас чакаюць прапаноў, якія мы выпрацавалі разам, гэта вельмі важна. Стаўце мэты і паказвайце, што прапануеце Еўропе зрабіць для гэтых мэтаў. Мэтаў малавата, патрабаванняў шмат.
Удзельнікі анлайн-сустрэчы абмеркавалі спосабы ўмацавання еўрапейскай мяккай сілы для Беларусі ў цяперашніх неспрыяльных умовах. Сярод іншых былі названыя выбарачнае прымяненне санкцый Еўропай, недапушчэнне абмежавання выдачы візаў беларусаў, стварэнне нацыянальнага ўніверсітэту і адкрыццё беларускіх школ для дзяцей у Літве і Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя