Андрэй Саннікаў: Працягваем рабіць тое, што можам



З беларускім палітычным і грамадскім дзеячам, былым намеснікам міністра замежных спраў, які мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, экс-кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, вязнем сумлення Андрэем Саннікавым я сустрэлася выпадкова ў Варшаве. Я не магла не скарыстацца сітуацыяй, каб пагаварыць з гэтым неардынарным чалавекам, і ён ласкава пагадзіўся стаць Госцем Беларускага Радыё Рацыя.

З Андрэем Саннікавым я пагаворыла пра яго асабістае і наша агульнае, пра тое, што чакае Беларусь.

РР: Вам прыйшлося з’язджаць з Беларусі, ці думалі Вы што на столькі гадоў з’едзеце?

Андрэй Саннікаў: Не, я не думаў, што настолькі з’еду. Я не думаў, што столькі Лукашэнка будзе. Але ж гэта нічога не значыць. Таму што гэта факт. Гэта можа ўплывае на настрой, але не ўплывае на справу. То бок, я займаюся тым, чым займаўся. Паколькі ў Беларусі мне гэтым немагчыма было займацца, я з’ехаў і працягваю рабіць справу тут.

РР: Чым вы займаліся ўсе гэтыя гады? Гэта адзінаццаць гадоў, здаецца. Так?

Андрэй Саннікаў: Не, менш. Я з’ехаў у 2012 годзе, калі былі пагрозы жыццю. Чым я займаюся? Кірую фундацыяй, якая тут ёсць, адзін з каардынатараў кампаніі. Вы ж ведаеце, што нашыя многія актывісты зараз у турмах – Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Паліна Шарэнда-Панасюк, якую катуюць, і іншыя, шмат людзей. Працягваем рабіць тое, што можам. Я заўсёды адказваў за міжнародны накірунак і працягваю гэтым займацца. Друкуюся, сустракаюся з людзьмі. Удзельнічаю ў канферэнцыях.

РР: Што робіць «Еўрапейская Беларусь» каб дапамагчы Паліне Шарэндзе-Панасюк? Бо яе сапраўды могуць закатаваць.

Андрэй Саннікаў: Яна ўжо больш за 80 дзён у карцары. Я не буду зараз распавядаць, што мы робім, я хачу проста заклікаць людзей пісаць лісты Паліне, пісаць да кіраўніка калоніі, здаецца яго прозвішча Курыловіч. Паверце, я найбольш балюча ўспрымаю менавіта Паліну. Таму што ведаю яе, таму што ведаю, якая яна прынцыповая, якая мужная, бо яна ведала, што ёй пагражае, але ні на міліметр не адступіла ад сваіх прынцыпаў. І, дарэчы, тыдзень таму я сустракаўся з Андрусём, то бок падтрымліваем мы і яе сям’ю. Гэта ўвогуле цудоўная пара. Я лічу, тое, што адбываецца з Палінай, гэта такая зласлівая помста Лукашэнкі за той выступ на тэлебачанні падчас парламенцкай кампаніі 2019 года. Таму што яна ці не адзіная тады назвала Лукашэнку дыктатарам. Дзіўна, што гэта прайшло ў эфір. Гэта такая помста. Ён помслівы чалавек. Гэта не палітык, гэта не лідар, гэта кат і злачынца. Я лічу, што мы павінны ўсё рабіць, каб вызваліць яе. Я нагадаю, што ў нас не тысяча з нечым палітвязняў, а больш за чатыры тысячы.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Array