Анджэй Дуда: Калі Украіна прайграе, наступнымі можам быць мы
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў пра неабходнасць спыніць расейскі імперыялізм дзеля сусветнай бяспекі і назваў два асноўныя крокі для спынення вайны ва Украіне.
-

fot. PAP/EPA/Alessandro Carignano HANDOUT
Пра гэта ён сказаў італьянскаму тэлеканалу RAI. Анджэй Дуда лічыць, што калі Украіна прайграе, Польшча стане наступнай мішэнню Расеі.
Паводле Дуды, вайна ва Украіне павінна скончыцца ў два этапы. Па-першае, расейскія акупацыйныя войскі павінны выйсці з украінскіх тэрыторыяў, якія яны акупавалі з 2014 году. Па-другое, усе ваенныя злачынцы павінны быць пакараныя.
З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Польшча дала прытулак мільёнам украінскіх бежанцаў. Акрамя таго, краіна аказала Украіне гуманітарную і ваенную дапамогу. Раней стала вядома, што польскія ўлады чакаюць наступнай зімой да 800 тысяч уцекачоў з Украіны. Прычынай стане разбурэнне крытычнай інфраструктуры. Акрамя таго, Польшча стане адной з краін, на тэрыторыі якой пройдуць маштабныя трэніроўкі ўкраінскіх вайскоўцаў у рамках новастворанай навучальнай місіі Еўразвяза.