Беларусы Вільні выйшлі на акцыю, каб падтрымаць Мікалая Аўтуховіча (абноўлена)
Беларусы Вільні выйшлі на акцыю, каб падтрымаць зняволенага ў Беларусі Мікалая Аўтуховіча.
Пра гэта паведаміла актывістка „Народнай грамады”, паплечніца Мікалая Статкевіча Вераніка Мішчанка.
Удзельнікі акцыі звярнуліся да Алега Гулака з Хельсінкскага камітэта і Паўла Сапелкі з праваабарончага цэнтра „Вясна” з патрабаваннем неадкладна прызнаць Аўтуховіча палітвязнем.
„Давайце разам выратуем мужнага чалавека, Беларуса з вялікай літары, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля свабоднай Беларусі”, — заявілі ўдзельнікі акцыі.
***
21-ы дзень сухое галадоўкі Мікалая Аўтуховіча. За гэты час вязень схуднеў на 20 кіляграмаў. Начальнік турмы запэўніў адвакатку, што дактары на месцы адсочваюць фізычны і таксама псыхалягічны стан Аўтуховіча, і трымаюць сытуацыю пад кантролем. Галоўны фігурант «справы Аўтуховіча» абвясьціў сухую галадоўку 11 ліпеня, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газэт. 28 і 29 ліпеня яго не было на судзе, паведаміла дачка Аўтуховіча. Разам па справе праходзіць тузін асобаў. Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у гэты лік не ўваходзіць.
У падтрымку Аўтуховіча выступіў былы палітвязень, палітык Андрэй Саньнікаў. У сваім ФБ ён піша: «Гэтага кананічнага змагара за свабоду нейкія клеркі ад праваабароны адмаўляюцца прызнаваць палітвязнем… Мікола аддае сваё жыццё (без перабольшання), за краіну, за людзей, а нам прапануюць уважаць яго крымінальнікам і тэрарыстам… Мікалай Аўтуховіч – палітвязень! Калі і ёсць у Беларусі палітвязень нумар адзін, дык гэта менавіта Мікалай». Саньнікаў зазначае, што прызнанне Мікалая Аўтуховіча палітычным зьняволеным залежыць усяго ад двух чалавек, прадстаўнікоў найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі Беларускага Хельсінкскага Камітэта і «Вясны» Алег Гулака і Паўла Сапелкі. Па стане на 31 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1257 чалавек.
***
Іншы палітвязень Мікалай Статкевіч па-ранейшаму ў ШІЗА ў Глыбокім. Як мінімум, месяц. Як мінімум, да 4-га жніўня. Ужо трэці раз па 10 сутак. Пра гэта паведамляе ягоная жонка Марына Адамовіч. У прамежках пакуль „афармляюць парушэнні” Статкевіча выводзяць на некалькі гадзін у маленькую камеру метр шырынёй. Адамовіч піша, што муж займеў новы статус „злоснага парушальніка”. „Экстрэмістам” яго аб’явілі раней. 12-га жніўня ў Мікалая Статкевіча дзень народзінаў. Адрас для віншаваньняў: 211793 Віцебская вобл., г. Глыбокае вул. Савецкая, 205 ПК-13 Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.
Array