“Белая Русь” апублікавала сваю праграму



“Белая Русь” апублікавала сваю праграму. У зацверджанай праграме, у параўнанні з раней апублікаваным праектам, з’явілася дзве прынцыповыя змены, заўважыў “Спутник”. У новай апублікаванай праграме цяпер наўпрост гаворыцца, што “Белая Русь” аб’ядноўвае прыхільнікаў Лукашэнкі.

„Беларуская партыя “Белая Русь” пазіцыянуе сябе як аб’яднанне прыхільнікаў Першага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое імкнецца захаваць і развіць яго ідэі і прынцыпы пабудовы суверэннай беларускай дзяржавы”, — так напісана ў праграме, размешчанай на сайце партыі.

Таксама ў праекце адной з эканамічных мэт было заяўлена «ліквідаванне залежнасці ад знешніх рынкаў, у першую чаргу ад паставак вуглевадароднай сыравіны». У канчатковай рэдакцыі фразу аб вуглевадародах прыбралі. Гаворыцца толькі аб устараненні залежнасці ад негатыўных знешніх фактараў і дыверсіфікацыю экспартных патокаў.

Новая пралукашэнкаўская партыя была заснавана на зʼездзе 18 сакавіка 2023 года ў Менску на базе рэспубліканскага грамадскага абʼяднання «Белая Русь». Старшынёй абралі Алега Раманава, які да гэтага ўзначальваў згаданую грамадскую арганізацыю. Як сцвярджаюць улады, у новай партыі — каля 16 тысяч сяброў.

Беларускае Радыё Рацыя