Больш за 15 тысяч чалавек прапалі без вестак падчас вайны ва Украіне
Дырэктар Міжнароднай камісіі па зніклых без вестак (ICMP) Мэцью Холідэй заявіў, што за час вайны ва Украіне прапалі без вестак больш за 15 тысяч чалавек.

Паводле яго слоў, лічба ў 15 тысяч з’яўляецца кансерватыўнай, улічваючы, што толькі ў Марыўпалі, паводле звестак украінскіх уладаў, загінулі або прапалі без вестак 25 тысяч чалавек. Ён лічыць, што працэс расследавання спраў зніклых ва Украіне будзе працягвацца гадамі, нават пасля спынення ваенных дзеянняў.
Холідэй сказаў, што на дадзены момант невядома, колькі людзей былі гвалтоўна пераселеныя, утрымліваюцца пад вартай у Расеі, разлучаныя са сваімі сем’ямі або памерлі і пахаваны ў імправізаваных магілах. „Пераважная большасць зніклых і загінулых — ахвяры ваенных злачынстваў, таму вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”.- адзначае Мэцью Холідэй.
Міжнародная камісія па справах зніклых без вестак была створаная пасля балканскіх войнаў у 1990-х гадах і знаходзіцца ў Гаазе. У ліпені камісія адкрыла свой офіс у Кіеве, каб дапамагчы Украіне дакументаваць і шукаць зніклых без вестак.
Крыніца: Украінская Праўда
Array