Cусветная прэса пра Беларусь: Вырвацца з непатрэбнасці
Лічбавая ўцечка мазгоў Беларусі — яшчэ адна ахвяра ўварвання Расеі ва Украіну. Навошта Лукашэнка зачасціў за мяжу. Чэхія падоўжыла забарону на выдачу віз расейцам і беларусам. Украінцы правялі ў Брытаніі мітынг супраць расейскіх і беларускіх спартоўцаў.

Перш чым Расея здзейсніла злачыннае ўварванне ва Украіну, Беларусь стварыла перадавы тэхналагічны сектар сусветнага ўзроўню. Цяпер ён руйнуецца, у тым ліку з-за развязанай вайны, што і трапіла ў цэнтр увагі аналітычнага штотыднёвіка The Center for European Policy Analysis.
«Уварванне Расеі ва Украіну паскорыла ад’езд беларускіх тэхнічных работнікаў. З-за еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый замежныя заказчыкі пачалі адмаўляцца працаваць з беларускімі кампаніямі, якія яшчэ фізічна прысутнічалі ў Беларусі. SWIFT адключылі беларускія банкі са сваёй сістэмы міжбанкаўскіх пераводаў. У беларускіх IT-кампаній пачаліся праблемы з блакіроўкай акаўнтаў і доступам да воблачных сэрвісаў. І ІТ-спецыялісты ўцяклі. Падчас папярэдняй міграцыйнай хвалі 2020-21 гадоў ініцыятыва пераезду зыходзіла ад супрацоўнікаў. Гэтым разам лідзіруюць самі беларускія IT-кампаніі. Некаторыя фірмы арандавалі цэлыя рэйсы, каб вывезці сваіх супрацоўнікаў з краіны. Паводле апытання, 80% беларускіх IT-кампаній запусцілі схемы поўнай або частковай рэлакацыі. Кожны пяты IT-спецыяліст пакінуў Беларусь пасля вайны Расеі ва Украіне супраць кожнага дзясятага пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Тады супрацоўнікі дамінавалі сярод тых, хто звольніўся, у той час як работнікі сярэдняга звяна збеглі пасля лютага 2022 года. Польшча даказана самы папулярны кірунак, за ім ідуць Грузія, Літва і, крыху нечакана, Узбекістан, які запусціў спецыяльную міграцыйную праграму. Хаця масавы зыход не азначае, што сектар спыніць сваё існаванне ўнутры Беларусі, яго доўгатэрміновая будучыня выглядае сумнай. Застаюцца кампаніі, якія працуюць на ўнутраным і расейскім рынках», – падсумоўвае еўрапейскі штотыднёвік.
У апошнія месяцы калі сусветная прэса і піша пра знешнюю палітыку Менску, то ў асноўным у кантэксце рэгулярных сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Усё ідзе па адным сцэнары: раптоўны анонс, трывожнае прадчуванне, што на сустрэчы вырашаць анэксаваць Беларусь ці паўнавартасна ўключыць яе ў вайну, дзяжурныя жарты двух лідараў перад камерамі і адсутнасць гучных вынікаў на выхадзе. Сітуацыю асэнсоўвае амерыканскі штотыднёвік Carnegie Endowment for International Peace.
«Лукашэнка спрабуе давесці ўсім, што ізаляваць яго не ўдасца, партнёраў у свеце хапае. Але асноўная праблема тут ужо не ў тым, што ўсе супраць яго, а ў тым, што да яго манеўраў страцілі ўсякую цікавасць. Нядаўнія і будучыя паездкі Лукашэнкі, зразумела, напоўнены і ўласным зместам. ААЭ – даўні партнёр Менска па зброевым і іншых ценявых бізнесах, месца рэгулярных турнэ старэйшых сыноў Лукашэнкі і яго самога. Зімбабвэ – яшчэ адно месца для шэрага бізнесу блізкіх да Лукашэнкі людзей. Візіты ў Іран і Кітай, напэўна, таксама былі прасякнуты ідэяй дыверсіфікацыі, замены традыцыйных рынкаў для Беларусі. З Іранам дапамагае геаграфія – пастаўкі з Беларусі ідуць у тым ліку па Каспійскім моры праз расейскія парты. Кітай, безумоўна, куды больш важны напрамак для Лукашэнкі. Туды Беларусь у мінулым годзе прадала тавараў на $1,6 млрд, у асноўным калійных угнаенняў і харчавання. Аднак маштабы ўсіх гэтых пытанняў, за рэдкімі выключэннямі, не патрабуюць візітаў на найвышэйшым узроўні. І тым больш яны непрапарцыйныя таму шуму, які паднімае вакол іх беларуская прапаганда. Колькі б ваяжоў Лукашэнка ні зрабіў у далёкія краіны, суровая рэальнасць такая, што пад 70% беларускага экспарту летась прыпала на Расею. У новай рэальнасці цікавасці да Лукашэнкі і яго дыпламатычных патугаў ужо няма. На змену шматгадовым спробам Захаду хоць неяк прыцягнуць да сябе Беларусь, насуперак яе архаічнаму прарасейскаму рэжыму, прыйшла адмова ад нюансаў і халодная жорсткасць ваеннага часу», – падсумоўвае амерыканскі штотыднёвік.
Анансаванае на пачатку тыдня абмежаванне на выдачу Чэхіяй віз расейцам і беларусам было ўсё ж такі зацверджана і будзе дзейнічаць як мінімум да 31 сакавіка 2024 года. Мера датычыцца як грамадзян Расіі, так і грамадзян Беларусі, што падрабязна было апісана ў матэрыяле чэшскага анлайн-штотыднёвіка The Prague Morning.
„Забарона распаўсюджваецца таксама на расейцаў і беларусаў з іншым грамадзянствам. Яны не змогуць падаваць дакументы на атрыманне чэшскай візы або віду на жыхарства, за выключэннем гуманітарных і шэрагу асаблівых выпадкаў. Аднак Міністэрства культуры Чэхіі прапанавала МЗС пашырыць спіс выключэнняў для паездак, якія прыносяць карысць краіне з культурнага пункту гледжання. Прапанова была адхіленая, бо яна магла супярэчыць дырэктывам Еўразвязу, а амбасады Чэхіі мелі б праблемы з інтэрпрэтацыяй расплывістага тэрміну «карысць з культурнага пункту гледжання». З іншага боку, Чэхія аблягчыла свае правілы для ўкраінцаў, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну, і цяпер улады плануюць увесці дадатковыя выключэнні», – падкрэслівае чэшскі штотыднёвік.
У гэтыя выхадныя беларусы па ўсім свеце святкуюць Дзень Волі. А вось у брытанскім горадзе Норвіч, што знаходзіцца ў 160 км на паўночны ўсход ад Лондана, прайшла арганізаваная ўкраінцамі акцыя пратэсту супраць допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у наступным годзе. Брытанскі штотыднёвік Lowestoft Journal сачыў за сітуацыяй у горадзе.
«Украінская акцыя супраць допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў адбылася пасля шэрагу дэманстрацый, якія прайшлі ў горадзе за апошнія 12 месяцаў пасля ўварвання ва Украіну расейскіх войскаў. 38-гадовая Іна Драздзенка летась пакінула свой дом у Марыупалі і цяпер жыве ў Лоўстофце з бацькамі і сястрой. Выкладчыца танцаў і харэограф патлумачыла, што пасля поўнамаштабнага ўварвання больш за 240 прафесійных украінскіх спартсменаў былі забітыя, пераважная большасць у яе родным горадзе, што і вымусіла яе арганізаваць мітынг, на якім падтрымку выказалі каля 200 чалавек. Усё гэта сведчыць аб перакрыжаванай падтрымцы брытанскага і ўкраінскага народа супраціву расейскаму ўварванню ва Украіну.
Мітынг адбыўся 25 сакавіка ля гарадской Ратушы Норвіча», – падсумоўвае брытанскі штотыднёвік.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка