Дафна Берхсма: Для Нідэрландаў вельмі важна падтрымліваць свабодную і незалежную Беларусь
14-га лютага беластоцкі офіс Беларускага Радыё Рацыя наведала Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Нідэрландаў у Польшчы і Беларусі Дафна Берхсма. Сустрэча адбылася ў межах польскага візіту Спадарыні Амбсадара, а таму размова пачалася з агульнага ўражання ад Падляшша.
Кажа Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Нідэрландаў у Польшчы і Беларусі Дафна Берхсма:
-Дзякуй за запрашэнне прыбыць сюды! Гэта не першы мой візіт у гэты рэгіён, фактычна ўжо трэці. Я вельмі люблю Падляшша, мне падабаецца Беласток, Белавежа, і мне падабаецца прырода і гісторыя гэтай зямлі.
РР: Калі мы гаворым пра Белавежскую пушчу, то мусім успомніць і беларускую яе частку. Як Вы зараз мяркуеце па сітуацыі з Беларуссю, наколькі зараз мажлівыя адносіны паміж Нідэрландамі і Беларуссю і ўвогуле якое месца Беларусі ў Еўропе зараз?
Дафна Берхсма: Я б хацела падкрэсліць, што ў першую чаргу размова пойдзе пра стасункі паміж Каралеўствам Нідэрландаў і народам Беларусі. Для нас вельмі важна падтрымліваць Беларусь. Мы выступаем за свабодную і незалежную Беларусь. І мы хочам падтрымліваць беларускі народ у дасягненні гэтай мэты.
РР: НАТА абвесціла трывожнасць у гэтым рэгіёне. Нямеччына, Францыя, Канада папрасілі сваіх грамадзян пакінуць Беларусь. Ці будуць рабіць такі зварот Нідэрланды? І як Вы мяркуеце, наколькі бяспечна зараз знаходзіцца ў Беларусі?
Дафна Берхсма: У Беларусі амаль няма людзей з Нідэрландаў. Але хіба зараз ёсць толькі адзін прадстаўнік – калега, які знаходзіцца ў офісе амбасады.
РР: У 2021 годзе было вядома, што захавалася супраца Беларусі і Нідэрландаў. Рос імпарт. Зараз уведзены санкцыі з боку Нідэрланадаў. Як яны працуюць?
Дафна Берхсма: Каралеўства Нідэрландаў з самага пачатку падтрымлівае ўсе санкцыі, якія ўводзяцца супраць Рэспублікі Беларусь. Мы лічым іх абсалютна неабходнымі і мы спадзяемся, што яны зменяць сітуацыю як найхутчэй. Часам да нас даходзіць інфармацыя, што некаторыя арганізацыі з Нідэрландаў выкарыстоўваюць порт у Ротэрдаме для імпарта і экспарта, але гэта адбываецца не на дзяржаўным роўні. Каралеўства Нідэрландаў не займаецца экспартам ці імпартам тавараў у Беларусь.
РР: У нас у беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў выгнанні ёсць вялікая праблема – хто галоўны? Як бы Вы ацанілі палітычную фігуру Святланы Ціханоўскай і наколькі Беларусь зараз мусіць згуртавацца, каб перамагчы?
Дафна Берхсма: Для Нідэрландаў вельмі важнай каштоўнасцю з’яўляецца падтрымка дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека, праваабаронцаў і верхавенства закона. У гэтым накірунку мы падтрымліваем грамадзянскую супольнасць у Беларусі ўжо 25 гадоў. Мы працягваем працаваць у гэтым кірунку. Таксама маюцца арганізацыі, якія працуюць у Польшчы, у Літве. Гэта з’яўляецца маім пунктам гледжання: я вельмі ўражана асобай Святланы Ціханоўскай. Я таксама ведаю, што галандскі ўрад таксама прытрымліваецца такога пункту гледжання. Я лічу вельмі шчырым тое, што яна робіць, жывучы ў дыяспары, у вымушанай эміграцыі разам з дзецьмі ў Вільні, пакуль яе муж знаходзіцца ў турме ў Беларусі. Думаю, што яна адыгрывае значную ролю ў тым працэсе, які дазваляе не забывацца пра Беларусь.
Датычна вашага пытання, ці варта аб’яднацца вакол Ціханоўскай? Вам вырашаць. Гэта вашая свабода выбару за кім ісці. Гэта цалкам ваш выбар і ў гэтым аснова дэмакратыі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array
