Дзмітрый Крук: Лукашэнка сутаргава шукае замену Пуціну
Беларусь працягвае ўзмоцнена сігналізаваць аб сваёй пераарыентацыі не толькі на Расею. Два дзяржаўныя візіты – у Кітай і Зімбабвэ, і некалькі сустрэч у ААЭ актыўна прасоўваліся прапагандай Лукашэнкі, прычым акцэнт быў зроблены ў першую чаргу на эканамічныя перспектывы.
Пагутырылі з эканамістам, старшым навуковым супрацоўнікам BEROC Дзмітрыем Крукам пра тое, ці зможа Беларусь знайсці альтэрнатыву эканамічнай залежнасці ад Расеі, хто зараз галоўны ў рэгіёне – Расея ці Кітай, ці зможа Іран навучыць Беларусь «абыходзіць» санкцыі і ў чым сакрэт міража беларускай стабільнасці ў эканоміцы зараз.
РР: Пачнем з пытання пра візіты Лукашэнкі: ён быў у Афрыцы, завітаў у Іран. Што ён шукае? Хіба сапраўды Беларусь можа стаць замест ранейшай жытніцы – кузніцай, каб на запчастках Ірану і іншых краін рабіць зброю для Расеі?
Дзмітрый Крук: Я б Кітай асобна выдзеліў, гэта рознага роўню візіты. І ў адносінах да Кітаю, думаю, ёсць прэтэнзія нейкая, амбіцыя, атрымаць стратэгічнага патрона – супрацьвагу і Расеі, і Захаду. Відавочна, адбываецца павелічэнне ступені залежнасці ад Расеі, і на кароткі перыяд – на 2022 год – гэта можа разглядацца як стратэгія выжывання. Але, безумоўна, гэта непакоіць і асабіста Лукашэнку, і тых, хто не шчырыя “рускамірцы”, думаю, такога выніку ім не хочацца. І атрымаць нейкага альтэрнатыўнага патрона, які мог бы і бараніць ад Расеі, і спрыяць у вырашэнні прынцыповых эканамічных праблем, я думаю, гэта адныя са стратэгічных прыярытэтаў. Таму візіту ў Кітай я б надаваў асаблівую ўвагу. У мяне пакуль няма разумення, ці ёсць сустрэчныя сігналы таго, што Кітай гатовы ісці насустрач. Думаю, што гэта будзе мець наступствы. Пэўныя індыкатары, па якіх можна будзе патэнцыйна глядзець, таму што статыстыка засакрэчана, ці ажывіцца неяк “Вялікі камень” і, магчыма, дапускаю такое важнае бягучае пытанне, якое магло абмяркоўвацца ў Кітаі, – гэта спроба атрымаць заступніцтва Кітая ў дачыненні да пытання доступу да партоў для экспарту калійных угнаенняў.
Што тычыцца Ірана і афрыканскіх краінаў, тут, шчыра кажучы, асаблівай увагі не надаю. Гэта хутчэй рэакцыя на сітуацыю, якая склалася. Калі ўсе дзверы зачыненыя, то ісці туды, дзе яны хоць неяк прыадчынены. І нейкія маленькія праблемы там павырашаць можна, але гэта не роўня той амбіцыі, якая, на мой погляд, існуе ў дачыненні да Кітая.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Дзмітрыя Крука
