Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі
На пленарным пасяджэнні ў Страсбургу Еўрапейскі парламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю па сітуацыі з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Беларусі, палітвязнем Віктарам Бабарыкам і сітуацыі ў Беларусі, паведамляе карэспандэнт сайта Charter97.org.
-

Фота: delo.ua
Заканадаўцы „настойліва заклікаюць улады Беларусі неадкладна спыніць жорсткае абыходжанне з Віктарам Бабарыкам і іншымі палітычнымі зняволенымі, забяспечыць належную медыцынскую дапамогу, доступ да адвакатаў і сям’і, а таксама да дыпламатаў і міжнародных арганізацый для ацэнкі іх стану і аказання дапамогі”.
Дэпутаты «заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Віктара Бабарыкі, яго сына Эдуарда, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Анджэя Пачобута і Алеся Бяляцкага, а таксама ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі».
Еўрапарламент заклікае ўвесці санкцыі супраць вінаватых у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Дэпутаты выступілі за пашырэнне санкцый ЕЗ у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку суддзяў, пракурораў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, турмаў і папраўчых калоній, а таксама асоб, якія забяспечваюць рэжым. Заканадаўцы прапануюць стварыць мэтавую праграму дапамогі ЕЗ ахвярам палітычных рэпрэсій з прадастаўленнем часовага прытулку ў ЕЗ для тых, хто яго шукае.