Франак Вячорка: Справа не ў пасадах



Франак Вячорка адказаў на пытанне ці з’яўляецца Ціханоўская прэзідэнтам Беларусі.

«Святлану Ціханоўскую немагчыма замяніць. Яна атрымала большасць галасоў на выбарах, і гэтай легітымнасці няма і не будзе ў крытыкаў. Яна галоўны палітычны актыў беларусаў і гарантуе і забяспечвае суб’ектнасць Беларусі на міжнароднай арэне».

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў у нашым эфіры, што справа не ў пасадах і за каго прымаць Ціханоўскую. Пагаварылі пра канферэнцыю Новай Беларусі ў Вільні, пра тое, хто туды запрошаны, пра тое якія стасункі мае Офіс Ціханоўскай з іншымі беларускімі апазіцыянерамі і ўладамі Украіны.

Р.Р.: З таго часу, калі расейскія войскі з’явіліся ў Беларусі, нібыта на вучэнні і засталіся па сённяшні дзень, Беларусь можна лічыць акупаванай дзяржавай. А ў такім выпадку прэзідэнт у эміграцыі ўсё ж такі набывае новы сэнс: такі прэзідэнт можа, прыкладам, ствараць урад, адкрываць альтэрнатыўныя амбасады, консульствы, можа сустракацца з еўрапейскімі лідарамі як прэзідэнт з прэзідэнтамі, можа ўрэшце прыняць прысягу ад палку Каліноўскага. І маем дзве Беларусі – адна на баку Расеі, іншая – плячо ў плячо з Украінай змагаецца супраць агрэсара. У мяне ўзнікае аналогія Францыі – часу дэ Голя і Петэна.

Франак Вячорка: Сапраўды ёсць падзел, але няма дзвюх Беларусяў. Беларусь адна! Беларускі народ адзін і гэты народ паказаў сябе ў 2020 годзе, памятаеце як роўна два гады таму выходзілі дзясяткі тысячаў па ўсёй Беларусі. Гэта быў паваротны момант. А тыя, хто зараз захацелі ўладу ў Менску – гэта не іншая Беларусь, гэта групка злачынцаў, якія з дапамогай Крамля, Расеі, Пуціна, утрымліваюць кантроль над тэрыторыяй. Так мы не маем кантроля над тэрыторыяй, але мы маем прэзідэнта, лідара, за якім стаіць народ. Добрае параўнанне з Францыяй, таму што Лукашэнка паводзіць сябе блізка як рэжым Вішы, рэжым маршала Петэна. І калі мы ездзім у замежныя паездкі і прыводзім гэтую аналогію, у многіх замежнікаў расплюшчваюцца вочы. – Так сапраўды нібыта знешне атрыбуты незалежнай дзяржавы, нібыта вішысцкая Францыя мае свой сцяг, свае органы ўлады – але каму яна падпарадкоўваецца? – акупантам! Так і Лукашэнка, Ён абсалютна нічога не кантралюе ў Беларусі акрамя рэпрэсіяў, замежную палітыку і абарону ён аддаў на водкуп Расеі і таму прадстаўляць беларускі народ ён ня мае ніякага права. І таму зараз важна дабіцца каб ягоны подпіс не прымаўся і прызнаваўся краінамі свету.

Поўнасцю гутарку слухайце ў далучаным файле:

Раней у нашым эфіры экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў выказаў меркаванне, што ў Беларусі няма прэзідэнта.

Array