Ганна Красуліна: Ціханоўская вырашыла не адмаўляцца ад удзелу ў судзе



Госць „Радыё Рацыя” – Ганна Красуліна – прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай. З ёй абмеркавалі завочны  „працэс” у дачыненні да Сяргея Дылеўскага, Святланы Ціханоўскай, Марыі Мароз, Паўла Латушкі і Вольгі Кавальковай, які пачаўся сёння ў Менскім гарадскім судзе.

РР: Святлану Ціханоўскую абвінавачваюць ажно па дзесяці крымінальных артыкулах.

Ганна Красуліна: Ужо нават па адзінаццаці! Што на гэта можна сказаць? Што там вельмі смешныя, абсурдныя абвінавачанні. Гэта фарс і парушэнне правоў Святланы Ціханоўскай. І таму Ціханоўская вырашыла не адмаўляцца ад удзелу, каб зафіксаваць тое, што там адбываецца. Каб было ўсё на паперы. Каб у новай Беларусі ўсе, хто датычны да гэтага,  адказаў за тое, што зараз робіць. Такая пазіцыя была абрана. Яна напісала ў суд, каб ёй прызначылі адваката. І нават быў прызначаны адвакат, але ён не выйшаў нават са Святланай на сувязь. Мы яму даслалі афіцыйны запыт. Зараз зафіксавана, што ён не выйшаў на сувязь. І мы не ведаем, як ён збіраецца абараняць Святлану Ціханоўскую.

РР: Ці вядомае вам прозвішча адваката?

Ганна Красуліна: Вядома. Гэта адвакат юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска Лазеў Дзмітрый Аляксандравіч. І  мы нават бачылі фота з сённяшняга паседжання. І ён там ёсць. Але з намі на сувязь ён не выходзіў, і што ён там робіць, мы не ведаем.

РР: Усе фігуранты гэтай справы знаходзяцца за мяжой. Справу вядзе суддзя Пётр Арлоў. Справа, як большасць спраў зараз, верагодна, закрытая.

Ганна Красуліна: Мы не ведаем, ці яна закрытая. Ведаем толькі, што восем амбасадараў і супрацоўнікаў замежных амбасадаў, якія збіраліся прыйсці на суд, у залу не патрапілі. Мы можам сказаць, што абвінавачанні абсурдныя і гэта помста Лукашэнкі не толькі Ціханоўскай, але ўсім, хто супраціўляўся дыктатуры і хто ў 2020 годзе сказаў яму “Сыходзь!”. Гэта помста за тое, што ён тады адчуў, за той страх, за ягоную асабістую нікчэмнасць. Вось тады ён зразумеў, што ён стаў нікчэмным і застанецца нікчэмным у гісторыі. І зараз ён спрабуе адчуць нейкую кампенсацыю за той страх.

РР: Гэты суд адбываецца ў кантэксце суда над Андрэем Пачобутам у Гародні. Таксама судзяць “вясноўцаў”, у ліку якіх лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. У Беларусі амаль 1500 афіцыйна прызнаных палітвязняў.

Ганна Красуліна: Так, але трэба дакументаваць гэта, каб сапраўдныя злачынцы, якія гэта робяць, прадсталі перад тым судом, які будзе ў Новай Беларусі. І для гэтага патрэбна збіраць доказы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array