«Генетычны код»



Украіна адзначае Дзень Годнасці і Свабоды з 2014 года, калі Прэзідэнт Пётр Парашэнка падпісаў адпаведны ўказ.

Дата 21 лістапада абрана не выпадкова: у 2013 годзе дзве тысячы ўкраінцаў выйшлі на Майдан Незалежнасці ў Кіеве, каб выказаць нязгоду з адмовай тагачаснага Прэзідэнта Януковіча падпісаць пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім Саюзам. Дзевяццю гадамі раней, у 2004, украінцы таксама пратэставалі на Майдане – супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

І двойчы антыгероем станавіўся Януковіч. Тады і вырашылі прысвяціць свята двум рэвалюцыям – Аранжавай і Рэвалюцыі Годнасці. Але сёлета ён стаў больш знакавым з-за поўнамаштабнай вайны, калі полем бітвы стала тэрыторыя ўсёй краіны. Некаторыя выказваюць меркаванне, што Януковіч абышоўся Украіне занадта дорага. Спачатку смерцю Нябеснай Сотні, зараз вайной з усімі яе наступствамі. Але, аказваецца, «укранацысты» і «украфашысты» ведаюць, што такое ваяваць з другой арміяй свету, ведаюць кошт дэакупацыі ўласнай зямлі і не жадаюць вяртання ў каланіяльнае мінулае.

Улічваючы дакучлівую ўпадобу РФ да памятных дат, украінцы былі гатовыя да масіраваных удараў з усіх магчымых відаў зброі. Сёння на сябе прыняў удар Херсон: мірных жыхароў расіяне абстралялі касетнымі боепрыпасамі і снарадамі. Пастаянныя атакі на энергасістэму Украіны, тэрор, забойствы і жаданне зрабіць з яе «маларасійскую федэральную акругу РФ» – тое, што толькі павышае цану свабоды, але ва ўкраінцаў шляху назад ужо няма. Такі ў іх генетычны код.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: google.com.ua 

Array