Грузія паабяцала дапусціць лекараў з Польшчы да Міхаіла Саакашвілі



Брыгаду лекараў з Польшчы дапусцяць да экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Аднак яго самога з Грузіі не выпусцяць. Дата візіту медыкаў пакуль не вызначана, піша журналіст „Свабоды” у Бруселі Рыкард Ёзвяк у Твітары.

Раней дэпутат Еўрапарламента з Польшчы Ганна Фатыга заявіла пра поўную гатоўнасць групы медыцынскіх экспертаў і спецыяльнага самалёта.

Улады Грузіі сцвярджаюць, што Міхаіл Саакашвілі атрымлівае ўсю неабходную медыцынскую дапамогу, і пытанне адпраўкі яго на лячэнне за мяжу не разглядаецца. Суд у Тбілісі раней адмовіў адвакатам былога прэзідэнта ў патрабаванні вызваліць яго для лячэння. Сам Саакашвілі заяўляе, што ён знаходзіцца на мяжы смерці.