Хто пасля Лукашэнкі? Версіі



Новыя магчымасці – такой фразай варта пачынаць развагі пра бліжэйшую перспектыву ўнутры Беларусі. Калі вядома, не адбудзецца цуд, і Лукашэнка як той зайчык-энерджайзер з рэкламы не пачне біць у свае бубны з новай сілай.

Пра падзеі пасля Лукашэнкі гавораць практычна ўсе палітычныя аналітыкі, якія спецыялізуюцца на Беларусі.

Вядома, мы пакуль можам толькі здагадвацца, што адбываецца ў рэальнасці з целам Лукашэнкі. Але спецсамалёт з Крамля, які знянацку прыляцеў у Менск, наводзіць на думкі, што злітая, хутчэй за ўсё расейскімі спецслужбамі, інфармацыя пра цяжкі стан Лукашэнкі – праўда.

Для каго адкрыюцца новыя магчымасці з зыходам крывавага дыктатара ад улады?

Для сілавікоў найперш. Сентыментальнасць у людзей у пагонах выбіваюць яшчэ на першых курсах вайсковай, кэгэбэшнай ці міліцэйскай вучэльні. На службу прыходзяць прагматыкамі.

У 2020 годзе з райаддзелаў міліцыі ды іншых структур МУС сыходзіла адначасова да 30% асабовага складу. Нават калі нейкая частка гэтых людзей з’ехала за мяжу, большасць засталася ў краіне.

Мы ведаем пра драконаўскія суды над вайсковымі афіцэрамі, мы ведаем прысуды былым міліцыянтам, мы ўрэшце рэштаў маем перад вачыма BYPOL, арганізацыю былых сілавікоў, якая атрымлівае інсайды ад сваіх колішніх калег, якія застаюцца працаваць у сістэме.

Але ў сістэме ідэйных людзей мала, сілавікі прагматычна абіраюць бок больш сільнага. У 2020 годзе больш сільным быў Крэмль. Лукашэнка прыгразіў расправай афіцэрам, якія б пайшлі супраць улады. Расправай з дапамогай Крамля.

Сёння пуцінскі Крэмль на мяжы ператварэння ў храманогую качку. Ён не тое, што вайскова не зможа акупаваць Беларусь, у яго наўрад ці ёсць рэсурсы для прыдушэння другой часткі Беларускай рэвалюцыі, калі яна пачнецца.

У святле вышэйсказанага развагі пра тое, што Пуцін паставіць у Менску больш згаворчывую марыянетку, чым Лукашэнка, выглядаюць непераканаўчымі.

Так, Беларусь нашпігаваная рознага кшталту расейскімі агентамі, так, будзе спроба захаваць татальны кантроль над Беларуссю. Але вось жа сітуацыя – персаналісцкая дыктатура завязаная выключна на адну асобу, на цара гары.

Валіцца з гары цар, сыплецца сама гара-піраміда ўлады. Можна паспрабаваць паставіць свайго, але хто сказаў, што вырашчаныя Лукашэнкам князькі захочуць пазбаўляцца сваёй улады?

Пацучыная грызня непазбежная.

Але слабая сістэма – гэта новыя магчымасці не толькі для пацукоў ніжэйшага рангу.

Гэта магчымасці і для здаровых сілаў. Досыць хутка мы пабачым новыя абліччы.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя