Кіраўнік брытанскага МЗС прыбыў у Кіеў і анансаваў новы пакет падтрымкі



Брытанскі міністр замежных спраў Джэймс Клевэрлі накіраваўся ў Кіеў, каб сустрэцца з украінскім кіраўніцтвам і паабяцаў столькі падтрымкі, колькі неабходна для перамогі над Расеяй.

Пра гэта паведамляе ВВС. Клеверлі анансаваў дадатковы пакет дапамогі Украіне. Акрамя 24-ох машын хуткай дапамогі, у яе склад увойдуць 11 машын МНС, у тым ліку шэсць браніраваных.

Пакет будзе ўключаць 3 мільёны фунтаў стэрлінгаў на дапамогу ў аднаўленні інфраструктуры, уключаючы школы і прытулкі, якія былі разбураны з пачатку вайны.

Сродкі таксама пойдуць на падтрымку ахвяр сэксуальнага гвалту падчас агрэсіі Расейскай Федэрацыі. Клеверлі адзначыў, што з надыходам зімы Расея імкнецца „зламаць рашучасць Украіны сваімі жорсткімі нападамі на мірных жыхароў, шпіталі і энергетычную інфраструктуру”.

Ва ўмовах рэгулярных выбухаў у Кіеве візіт міністра замежных спраў, які адбыўся пасля суботняга візіту ва ўкраінскую сталіцу прэм’ер-міністра Рышы Сунака, праходзіць з высокім узроўнем бяспекі.

Нагадаем, што падчас свайго першага візіту ў Кіеў новы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак паабяцаў узмацніць супрацьпаветраную абарону Украіны 125-цю зенітнымі ўстаноўкамі, а раней у лістападзе было заяўлена аб дадатковых тысячы  ракетах класа „зямля-паветра”.

Array