Кітай прагаласаваў у ААН за рэзалюцыю, якая называе Расею агрэсарам



Кітай прагаласаваў за рэзалюцыю Генеральнай асамблеі ААН, дзе ёсць жорсткія фармулёўкі ў дачыненні да Расеі ў сувязі з яе ўварваннем ва Украіну.

У дакуменце ў прыватнасці гаворыцца аб «беспрэцэдэнтных выкліках», якія стаяць перад Еўропай «пасля агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, а да гэтага супраць Грузіі». Ён таксама заклікае «кампенсаваць урон», нанесены ахвярам агрэсіі. Раней прадстаўнікі Кітаю, як правіла, устрымліваліся пры галасаванні за праекты такіх рэзалюцый.

Галасаванне адбылося яшчэ 26 красавіка, аднак увагу на тэкст рэзалюцыі і на тое, што Кітай апынуўся ў ліку тых, хто прагаласаваў «за», СМІ і каментатары звярнулі толькі сёння. Усяго рэзалюцыю, прысвечаную супрацоўніцтву ААН з Радай Еўропы, падтрымалі 122 краіны. Акрамя Кітаю, «за» прагаласаваў і шэраг іншых краін, якія лічацца дружалюбнымі Расеі, у тым ліку Казахстан і Арменія, а таксама Індыя і Бразілія. Беларусь дакумент не падтрымала, разам з Нікарагуа, Расеяй, Паўночнай Карэяй і Сірыяй. Яшчэ 18 краін устрымаліся.

Тым часам, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову з прэм’ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо. Як паведаміў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале: «Абмеркавалі праграму доўгатэрміновага абароннага супрацоўніцтва. Адзначыў пачатак канфіскацыі расейскіх актываў і заклікаў да ўзмацнення санкцыйнага ціску на Расію. Узгаднілі пазіцыі напярэдадні саміту НАТА і іншых міжнародных мерапрыемстваў».

Беларускае Радыё Рацыя