Колькі палітзняволеных у Беларусі?
21-га траўня беларусы адзначаюць Дзень палітвязня. Дакладную лічбу палітзняволеных у Беларусі не ведае ніхто, і яна можа адрознівацца ў разы ў розных крыніц.

Так кажа прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова. Паводле яе, на гэта ёсць шэраг прычын:
– Страх родных, якія не хочуць пагоршыць сітуацыю сваіх затрыманых родных, разнастайнасць падыходаў праваабарончых, тое, што дзяржава маскуе палітычны пераслед іншымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса. Калі праваабаронцы кажуць, што 1,5 тысячы палітвязняў ці 1800, то мы мяркуем, што магчыма рэальная колькасць 4,5 – 5 тысяч, а можа і больш.
Як кажа Вольга Гарбунова, прадстаўнікі рэжыму ведаюць, каго яны трымаюць у закладніках, і яны павінны адпусціць тых людзей, якім патрэбная экстранная медыцынская дапамога:
– Гэта недапушчальна нам цяпер прызнаваць і прызвычайвацца да думкі, што можа быць усё ж такі палітвязням давядзецца адседзець гэтыя тэрміны. Не, мы не павінны так думаць. Мы павінны зрабіць усё, каб вызваліць палітычных вязняў у Беларусі.
Паводле прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета, трэба працягваць узмацняць санкцыі, ціск, нарошчваць перамоўны патэнцыял і маліць суседнія краіны аб закрыцці межаў для вялікагрузаў і чыгункі, трэба ствараць трыгеры для эканомікі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя