Лукашэнка паляцеў у Ерэван на сесію АДКБ
Аляксандр Лукашэнка вылецеў у Ерэван. Сёння, 23 лістапада, у сталіцы Арменіі адбудзецца пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Таксама ў Ерэване пройдуць мерапрыемствы іншых статутных органаў арганізацыі: савета міністраў замежных спраў, міністраў абароны і сакратароў Саветаў бяспекі. Уладзімір Макей, Віктар Хрэнін і Аляксандр Вольфавіч былі дастаўлены ўчора ў Арменію грузавым самалётам Іл-76.
АДКБ павінна разгледзець шырокі пералік пытанняў, якія датычацца розных сфер і напрамкаў узаемадзеяння. Таксама будзе абмяркоўвацца канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам. У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, літаральна адчытаўшы яго. Пазней ён яшчэ раз выказаўся на гэты конт. Яго словы ў Арменіі былі расцэнены як недружалюбныя.
Трэба адзначыць, што ў панядзелак прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў, што ў ягонай краіны ў АДКБ больш сяброў, чым у Арменіі.
У Ерэване напярэдадні саміту АДКБ прайшлі дэманстрацыі.