Лукашэнка ўпершыню за ўсе гады ва ўладзе не выступіў з прамовай на Дзень Перамогі
Аляксандр Лукашэнка не выступіў з традыцыйнай прамовай на Плошчы Перамогі. Замест яго выступіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

Тым часам, яшчэ двух прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі прапануюць уключыць у 11-ты пакет санкцый Еўрасаюза ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Як паведамляюць крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі, у наступным спісе санкцый могуць з’явіцца начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў і старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус.
Як сцвярджаецца, Марозаў падтрымліваў разгортванне і транспарціроўку расейскага вайсковага персаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў вайне ва Украіне таму нясе адказнасць за падтрымку і рэалізацыю дзеянняў і палітыкі, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны. А ВПК Беларусі пад кіраўніцтвам Пантуса садзейнічае вытворчасці зброі падведамаснымі прадпрыемствамі, забяспечвае вайскова-прамысловую кааперацыю, ажыццяўляе нагляд за перамяшчэннем зброі праз дзяржаўную мяжу і забяспечвае навігацыю расійскага войска. Падкрэсліваецца, што на сваёй пасадзе Пантус аказвае ваенную падтрымку Расеі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны.
10 траўня амбасадары ЕЗ упершыню абмяркуюць новы пакет санкцый супраць Расеі. Пакуль ён яшчэ далёкі ад канчатковага ўзгаднення, паведамілі крыніцы. Прытым прыняцце чарговага пакету санкцый адносна Беларусі па-ранейшаму замарожанае. Яно не прасоўваецца з прычыны пытання ўгнаенняў.
Беларускае Радыё Рацыя