Магчымыя правакацыі расейцаў на акупаваных тэрыторыях Запарожскай вобласці
437-ы дзень вайны. Акупанты, верагодна, рыхтуюць правакацыі на акупаваных тэрыторыях Запарожскай вобласці Украіны.

Як паведаміў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў, расейцы паведамілі аб спыненні ўсіх блокаў Запарожскай АЭС. Акрамя таго, разам з эвакуацыяй жыхароў прыфрантавых зон і ўцёкамі калабарантаў, гэта можа сведчыць аб падрыхтоўцы да правакацый, у якіх збіраюцца абвінаваціць УСУ. Мэр горада заклікаў грамадзян акупаваных тэрыторый пазбягаць месцаў масавага скаплення людзей і трымацца далей ад месцазнаходжання акупантаў.
Тым часам дадому з расейскага палону вярнуліся 45 украінцаў. Як паведамілі ў Офісе прэзідэнта, усе яны служачыя Нацгвардыі: гэта 35 радавых і сяржантаў, а таксама 10 афіцэраў. Сярод іх ёсць воіны, якія ажаніліся падчас абароны Марыўпаля, на „Азоўсталі”. Акрамя таго, там таксама ёсць воін, які яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання на працягу 2,5 гадоў знаходзіўся ў расейскім палоне.
Беларускае Радыё Рацыя