Мацукевіч: Макей спрабаваў выбудаваць процівагу Расеі



26 лістапада 2022 года памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Яго былыя калегі ўзгадваюць пра ягоную дзейнасць.

Былы дыпламат, часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі, цяпер – старшы даследчык „Цэнтра новых ідэй” Павал Мацукевіч распавядае пра працу разам з Макеем:

-Макей гаварыў пра свой знешнепалітычны ідэал Беларусі, як нейкай усходне-еўрапейскай Швейцарыі. Прыйшоўшы ў МЗС, даў дарогу маладым, пасламі сталі прызначаць не нейкіх моцных гаспадарнікаў, а сапраўды прафесійных дыпламатаў. Відаць, ён бачыў вялікі сэнс у тым, каб стварыць прафесійную каманду. І гэтая каманда была створана. І МЗС пад яго кіраўніцтвам да 2020 года працаваў эфектыўна. Менавіта з МЗС пасля прэзідэнцкіх выбараў быў найбольшы адток чыноўнікаў. І гэта характарызуе тую сістэму, якую ён стварыў.

Па словах Паўла Мацукевіча, Макей спрабаваў выбудаваць і адносіны ў процівагу Расеі:

-МЗС да 2020 года быў правадніком стасункаў з Захадам. Стаяў на абароне незалежнасці, актыўна прасоўваў нацыянальную культуру. І па сутнасці дзесьці браў на сябе функцыі Міністэрства культуры, асабліва пасля сыходу адтуль Паўла Паўлавіча Латушкі. Сітуацыя пасля 2020 года кардынальна змянілася. Я не думаю, што Макей жыў з ёй арганічна. Ён імкнуўся выбудаваць адносіны з трэцімі краінамі, і з Азіяй. І штосьці сапраўды атрымлівалася. Увесь гэты азіяцкі вектар – гэта спроба выбудаваць процівагу Расеі.

Павал Мацукевіч лічыць, што ў смерці Макея не трэба прыдумляць «канспіралагічных» версій, а прыняць тое, што ў Макея сапраўды даўно былі праблемы са здароўем.

Беларускае Радыё Рацыя

Array