Міхайла Сава: Для рэжыму ў Беларусі было б самагубствам адкрыта ўступіць у вайну



На сувязі з нашым радыё з Кіеву Міхайла Сава (Михайло Савва) – доктар палітычных навук, прафесар, эксперт Цэнтру грамадзянскіх свобод.

РР: Натуральна, што наша гутарка прымеркавана да гадавіны паўнамаштабнай фазы вайны, адкрытай агрэсіі, якую ўчыніла Расея супраць Украіны. І даволі традыцыйнае пытанне, як менавіта для Вас пачаўся той ранак 24 лютага 2022 года?

Міхайла Сава: Я ўпэўнены, што я не забуду той ранак. Таму што я жыву ў мястэчку Ворзель, там побач Гастомель, дзе вялікі аэрадром. І той ранак пачаўся з выбухаў. Неба было чырвоным. Пасля з’явіліся расейскія гелекоптэры, якія заходзілі для атакі ў паветры на Гастомель. Я гэта ўсё бачыў – узрывалася, гарэла. І мы дамаўляліся з маімі сябрамі і калегамі з Цэнтру грамадзянскіх свобод, што мы будзем рабіць у гэтай сітуацыі. І мы вырашылі, што мы не ўцякаем, перамяшчаемся бліжэй да цэнтру падзей, бо адная з нашых задач – дакументаванне ваенных злачынстваў. Мы вырашылі, што мы будзем гэтым займацца, бо ранак 24 лютага пачаўся з ваенных злачынстваў.

Па станне на сённяшні дзень, у кааліцыі “Трыбунал для Пуціна” ужо 18 грамадскіх арганізацый Украіны. Гэта сотні валанцёраў, якія дакументуюць ваенныя злачынствы. І ў нашай базе ўжо каля 30 тысяч эпізодаў, значная частка з якіх з’яўляецца сапраўды ваеннымі злачынствамі.

РР: Якія адчуванні ў Вас былі ў першыя дні вайны, нават у Офісе прэзідэнта Украіны казалі, што магло адбыца ўсё што заўгодна. І самы драматычны сцэнар таксама. Дзякуючы чаму і каму Украіна выстаяла менавіта ў самы першы тыдзень гэтых падзей?

Міхайла Сава: Я згадваю, як раніцай 24 лютага я стаяў на вуліцы каля свайго дома і мне патэлефанавалі мае сябры з Расеі. Сувязь тады яшчэ была, і той запытаў па-добраму: “Ну што, будзеш здавацца?” Я сказаў: “Спачатку няхай возьмуць”. Амаль кожны ўкраінец, кожны чалавек з майго атачэння думаў так жа. Ніхто не збіраўся здавацца. І вось гэта галоўнае, дзякуючы чаму краіна выстаяла.

РР: Так, упартасць украінскага народу заслугоўвае вялікай пашаны і славы! Калі ацэньваць падзеі, якія былі перад 24 лютага, на вашую думку, калі гаварыць пра ролю рэжыму Лукашэнкі ў гэтых падзеях, ці ведаў да канца Лукашэнка пра планы Пуціна? Ці гэта стала для яго “сюрпрызам”?

Міхайла Сава: Ніякіх сюрпрызаў тут не было. Таму што падчас дакументавання ваенных злачынстваў на Кіеўшчыне, у Бучы, там багата людзей я ведаў асабіста, мне казалі, у нас былі беларускія вайскоўцы. Я запытаўся – як вы даведаліся? Яны кажуць, што акцэнт зблытаць немагчыма. Пасля іх змянілі чачэнцы, пасля яны зноў з’яўляліся. У мяне няма прамых доказаў, што гэта былі беларускія вайскоўцы. Але ўпэўнены, што так яно і было. А калі так, то пра якія таямніцы тут можа ісці размова?

РР: А тыя людзі былі ў расейскай форме, але іх вызначылі па акцэнце?

Міхайла Сава: У іх была розная форма, не было ніякіх шэўронаў, ніякіх пазнак, па якіх можна было дакладна сказаць, што гэта яны, але не толькі гэта. Некаторыя з іх размаўлялі з мясцовымі. Хтосьці з іх выпадкова сказаў, хто яны. Але гэтая інфармацыя ўжо не ёсць таямніцаю.  Доказаў няма, але я ўпэўнены, што нейкія падраздзяленні беларусаў бралі ўдзел у шырокамаштабным уварванні.

РР: Ці ёсць у вас адчуванне, што лукашэнкаўскае войска можа адкрыта, афіцыйна ўступіць у гэтую вайну і пяройдзе беларуска-украінскую мяжу?

Міхайла Сава: Я не думаю, што так будзе, таму што гэтага не адбылося на пачатку, калі мажлівасці для гэтага былі большыя. Сёння ўжо відавочна, што Расея не пераможа. Гэта было б проста самагубствам з боку рэжыму ў Беларусі. Лукашэнка хітры палітык, і я не думаю, што ён зробіць такі крок.

Цалкаам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array