Міжнародная асацыяцыя юрыстаў асудзіла закон аб смяротным пакаранні за «здраду дзяржаве» ў Беларусі
Інстытут па правах чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) асуджае папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне для дзяржаўных чыноўнікаў і вайскоўцаў, асуджаных за «здраду дзяржаве», такая заява змешчана на сайце арганізацыі.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў змяненні ў закон 9 сакавіка. Папраўкі ў заканадаўчыя акты набудуць моц 25 сакавіка.
У арганізацыі адзначылі, што зацвярджэнне Лукашэнкам паправак у заканадаўства, як мяркуецца, адбылося пасля нападу беларускіх антываенных партызанаў на расейскі вайсковы самалёт у Мачулішчах, а таксама на фоне росту незадаволенасці роляй Беларусі ва ўварванні Расеі ва Украіну, заходніх санкцый і падзення даходаў.
Крымінальны кодэкс Беларусі ўжо прадугледжвае смяротнае пакаранне за забойства, тэрарызм і нават замах на тэрарызм.
Беларускае Радыё Рацыя