МЗС Кітая заявіла, што паважае суверэнітэт краін былога СССР
Афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Маа Нін заявіла, што Кітай паважае суверэнны дзяржаўны статус краін былога Савецкага Саюза.

„Кітай паважае суверэнны дзяржаўны статус рэспублік-удзельніц пасля распаду Савецкага Саюза”, – сказала яна, перадае Bloomberg.
Мао Нін падкрэсліла прыхільнасць Кітая да прынцыпаў Статута ААН. Паводле яе слоў, КНР паважае суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін. Яна таксама нагадала, што пасля распаду СССР Кітай у першых шэрагах паспяшаўся ўстанавіць дыпламатычныя адносіны з адпаведнымі дзяржавамі.
„З моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін Кітай заўсёды прытрымліваўся прынцыпу ўзаемнай павагі і роўнасці ў мэтах развіцця двухбаковых адносін дружбы і супрацоўніцтва”, – дадала яна.
На днях амбасадар Кітая ў Францыі Лу Шайе паставіў пад сумнеў суверэнітэт рэспублік былога СССР. Паводле яго слоў, няма міжнароднага пагаднення, якое б урэгулявала іх статус. Інтэрв’ю амбасадара французскаму тэлеканалу выклікала абурэнне ў шэрагу дзяржаў. Міністэрствы замежных спраў Літвы, Латвіі і Эстоніі запатрабавалі растлумачыць словы пасла. У Еўразвязе іх назвалі непрымальнымі.