МЗС Малдовы выклікала амбасадара Беларусі з-за слоў Лукашэнкі
МЗС Малдовы выклікала амбасадара Беларусі ў Кішынёве для давання тлумачэнняў у сувязі з нядаўнімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Малдовы.

„Пасля нядаўніх заяў беларускага лідара ў дачыненні да нашай краіны, Міністэрства замежных спраў выкліча пасла Беларусі ў Кішынёве для атрымання тлумачэнняў і прадстаўлення прынцыповай пазіцыі Рэспублікі Малдова – грамадзяне Рэспублікі Малдова рашуча асуджаюць вайну Расеі супраць Украіны”, – гаворыцца ў паведамленні.
У малдаўскім МЗС таксама выказалі шкадаванне „з нагоды той ролі, якую Беларусь адыгрывае ў прапагандзе расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і з нагоды неаднаразовага прасоўвання ў публічнай прасторы паведамленняў, накіраваных на стварэнне дэзінфармацыі і фэйкаў”.
17 верасня, выступаючы на „Мінск-арэне” перад канцэртам да Дня народнага адзінства, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў ЗША ў тым, што яны „штурхаюць Еўропу ў ваеннае супрацьстаянне з Расеяй на тэрыторыі Украіны”.
„Амерыка з’яўляецца адзінай краінай-выгадатрымальнікам ад таго, што адбываецца тут: і Еўропу на месца паставіць, і канкурэнтаў прыбраць. Сёння Украіна, заўтра будзе Малдова ці Прыбалтыка, Польшча ці Румынія. Штаты раздзімаюць вайну ў Косава, спрабуючы ціснуць на Сербію, падкідваюць вуголле ў тлеючыя супярэчнасці ў Карабаху, каламуцяць ваду ў Сірыі”, – заявіў Лукашэнка.
Гэтае выказванне ўжо прывяло да таго, што міністр замежных спраў Румыніі Багдан Аўрэску выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі.
Array