На саміце G7 абмеркавалі размяшчэнне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі



Небяспечным і непрымальным назвалі кіраўнікі краін Вялікай сямёркі намер Расеі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі. Адпаведная заява была прынятая па выніках першага дня саміту краін „Вялікай сямёркі” у Японіі.

Акрамя таго ўдзельнікі саміту асудзілі безадказную ядзерную рыторыку Расеі і падрыў рэжыму кантролю над узбраеннямі.

„Зноў звяртаемся да трэціх бакоў з заклікам неадкладна спыніць аказваць матэрыяльную падтрымку расейскай агрэсіі, у адваротным выпадку ім давядзецца сутыкнуцца з сур’ёзнымі наступствамі”, — гаворыцца ў заяве.

Саміт „Вялікай сямёркі” будзе доўжыцца тры дні. Пра планы размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю заяўляў Уладзімір Пуцін. Нібыта, будаўніцтва спецсховішча павінна быць скончанае да 1 ліпеня.

Але пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў днямі заявіў, што дагэтуль ядзерную зброю ў Беларусь яшчэ не прывезлі.