NATO раскрытыкавала Расею за «небяспечную і безадказную» ядзерную рыторыку
NATO раскрытыкавала Расею за «небяспечную і безадказную» ядзерную рыторыку пасля таго, як прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што РФ размесціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters у нядзелю, 26 сакавіка.
«NATO праяўляе пільнасць, і мы ўважліва сочым за сітуацыяй. Мы не назіраем ніякіх змен у ядзернай палітыцы Расеі, якія прымусілі б нас скарэктаваць сваю ўласную», — заявіў прадстаўнік альянсу.
Тлумачэнне Пуціна, што РФ размяшчае ядзерную зброю ў Беларусі, так як краіны NATO таксама размяшчаюць яе на сваіх тэрыторыях, «цалкам уводзіць у зман», дадалі ў альянсе.
«Саюзнікі па NATO дзейнічаюць пры поўным выкананні сваіх міжнародных абавязанняў. Расея паслядоўна парушала свае абавязанні па кантролі над узбраеннямі, зусім нядаўна прыпыніўшы свой удзел у новым Дагаворы аб стратэгічным наступальным узбраенні», — заявіў прадстаўнік NATO .
Раней стала вядома, што Масква і Менск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі.