Новая хваля фэйкаў
Што б такога прыдумаць для ўзняцця баявога духу салдат „другой арміі свету”? Правільна – разагнаць у інфаполі чарговую хлусню. Напрыклад, тройчы за тыдзень паведаміць аб гібелі галоўнакамандуючага ВСУ Залужнага і камандуючага сухапутнымі войскамі ВСУ Сырскага. Дзве галоўныя фігуры ва ўкраінскім войску, два безумоўныя аўтарытэты для ўкраінцаў і два рухавікі краіны да перамогі над рашызмам.
-

Фота: 24tv.ua
Больш за тое, прапагандыстам нават вядома месца «гібелі» Залужнага: населены пункт Часаў Яр на Данеччыне. Падчас абстрэлу рэзерваў ВСУ галоўнакамандуючы з вялікай доляю верагоднасці мог там знаходзіцца. Працу па ліквідацыі выканалі новыя героі Расіі з прыватнай ваеннай кампаніі. У дадатак быў прадстаўлены яшчэ адзін доказ: Залужны адмовіўся ад удзелу ў паседжанні Ваеннага камітэта НАТА ў Брусэлі нават у фармаце відэаканферэнцыі – спаслаўся на напружаную аператыўную сітуацыю ва Украіне.
То бок, усё кажа пра «дакладнасць факту гібелі». Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Украіны выступіў з абвяржэннем гэтых фактаў. Падобныя фэйкі маюць выразныя мэты: псіхалагічны ўплыў на самога „умоўна загінулага” чалавека; кароткатэрміновы хайп на тэме для стымуляцыі баявога духу войска РФ і для дэмаралізацыі ўкраінскага войска. Тым не менш за апошнія дні менавіта ўкраінскай арміі ўдалося адваяваць некалькі кіламетраў Бахмуцкай зямлі, а дэмаралізаванымі становяцца расейцы, якія альбо здаюцца ў палон украінскім дронам, альбо становяцца самагубцамі прама на полі бою.
І яшчэ для параўнання. Украінскае ваеннае камандаванне асабіста наведвае самыя гарачыя пункты, украінскі Прэзідэнт таксама, у адрозненне ад таго, іншага. Адчуваецца розніца? Таму расійскія інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, нягледзячы на вялізныя інвестыцыі ў гэты від зброі, разлічаны толькі на айчыннага спажыўца.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя