Новы амбасадар Швейцарыі прыбыла ў Беларусь
Новы пасол Швейцарыі ў Беларусі Крысціне Хонегер-Залатухін прыбыла ў Менск і хутка пачне выконваць свае абавязкі. Паведамленне пра гэта з’явілася ўчора, 7 лютага, у твітэры Хонегер-Залатухін.

Сярод прыярытэтаў сваёй працы ў Беларусі новы амбасадар назвала пытанне палітвязняў, якія трапілі ў турму за рэалізацыю сваіх палітычных і грамадзянскіх правоў, і дыялог з шырокім колам асоб у Беларусі.
«Асобай задачай для мяне з’яўляецца знайсці шляхі для дыялогу ў напружаным палітычным становішчы. Я зраблю ўсё магчымае для далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах, выгадных для нашых краін», – гаворыцца ў заяве Хонегер-Залатухін на сайце амбасады.
Па інфармацыі швейцарскага выдання Neue Zürcher Zeitung, амбасадар уручыць даверчыя граматы ў найбліжэйшыя тыдні. Швейцарскае МЗС пры гэтым лічыць, што ўручэнне даверчых грамат не з’яўляецца актам прызнання легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі.
Нагадаем, зараз у турме знаходзіцца Наталля Хершэ, грамадзянка Беларусі і Швейцарыі. Яна атрымала 2,5 гады калоніі за тое, што на адным з жаночых маршаў сарвала з амапаўца балаклаву, паведамляе reform.by.
Array