Парламенцкая асамблея NATO прызнала генацыдам злачынства Расеі супраць Украіны



Парламенцкая асамблея NATO прызнала генацыдам злачынства Расеі супраць Украіны і падтрымала стварэнне міжнароднага адмысловага трыбунала для суда над Уладзімірам Пуціным, паведаміла віцэ-сьпікерка Вярхоўнай Рады Украіны Алена Кандрацюк.

Дэлегацыі парламентаў краін NATO, паводле слоў Кандрацюк, аднагалосна прагаласавалі за адпаведную рэзалюцыю, у якой, у прыватнасці, гаворыцца аб далейшай падтрымцы Украіны краінамі — удзельніцамі Альянсу і зацвярджэнні механізмаў рэпарацый і кампенсацый з боку Расеі, якія пойдуць на пасляваеннае аднаўленне ўкраінскіх рэгіёнаў.

Таксама ў рэзалюцыі парламентары краін NATO прызналі расейскі рэжым тэрарыстычным і назвалі яго «рашызмам». Акрамя таго, у рэзалюцыі Парламенцкая асамблея NATO заклікае ўрады краін — удзельніц Паўночнаатлантычнага альянсу запрасіць Украіну ў NATO на саміце ў Вільні і ўзгадніць для яе дакладны альгарытм уступлення ў арганізацыю, паведамляе svaboda.org.