Павел Латушка: Нашы заходнія партнёры забылі, што адбываецца ў Беларусі
Сёння ў Менску быў вынесены прысуд праваабаронцам з «Вясны». Суддзя Марына Запаснік прысудзіла Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму 10 гадоў турмы. У нас на сувязі Павел Латушка, былы дыпламат, былы міністр культуры, адзін з лідараў дэмакратычнай беларускай апазіцыі.

РР: Што вы можаце сказаць пра такія жорсткія прысуды?
Павел Латушка: Важна знаць, што Алесь Бяляцкі з’яўляецца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. І гэта чацвёрты лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, які за ўсю гісторыю прызначэння гэтай узнагароды фактычна будзе знаходзіцца за кратамі. Таму гэта жудасны прысуд. Але пытанне ў тым, што мы можам з вамі выказваць словы шкадавання, думаць як гэта дрэнна, і будзем мець рацыю. Але што рабіць? Вось гэта галоўнае пытанне, якое мы павінны паставіць адзін перад адным. І ў мяне ёсць сапраўды таксама шкадаванне ў адносінах да нашых еўрапейскіх, заходніх партнёраў. Бо фактычна яны забыліся пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Максімум што мы можам сёння чакаць – чарговую заяву еўракамісара па знешняй палітыцы Еўрапейскага Звяза. Шэраг міністэрстваў замежных справаў апублікуе твіты. Ці гэта сапраўды дапаможа Беларусі? Зразумела, што толькі беларусы могуць змяніць сітуацыю ўнутры краіны. Можа мы шмат чакаем ад міжнародных партнёраў? Але з іншага боку яны не выкарыстоўваюць і тыя інструменты, якія маюць. Напрыклад, калісьці прэзідэнт Украіны Зяленскі сказаў: пашто нам ААН, калі яна не можа спыніць вайну? Я пытаюся ў еўрапейскіх, у сусветных палітыкаў: пашто нам Канвенцыя ААН, якая павінна супрацьдзейнічаць гвалту, калі яна не функцыянуе? Можа гэта проста паперка? Давайце яе выкінем. Бо ніводнай крымінальнай справы фактычна не распачата ў сувязі з гвалтам ў адносінах да Беларусі. Не ствараецца міжнародны суд, трыбунал за злачынствы, якія ажыццяўляе Лукашэнка ў адносінах да беларусаў. Не прызнаюцца КДБ і ГУБОПіК тэрарыстычнымі арганізацыямі. Не ўводзяцца рэальныя моцныя санкцыі. Гэтыя санкцыі розныя ў адносінах да Расеі і да Лукашэнкі. Усе чакалі, думалі, што з Лукашэнкам можна дамовіцца, а Лукашэнка даў дапамогу Расеі ў агрэсіі супраць Украіны, стаў суагрэсарам. Колькі яшчэ мы будзе чакаць? Або мы проста будзем выказваць шкадаванні? Гэта сапраўды шкадаванне ў адносінах да нашых еўрапейскіх партнёраў. Мы кажам пра гэта ім падчас усіх сустрэч. Менавіта ўсё тое, што я агучыў у эфіры Радыё Рацыя, я сказаў спадару Барэлю на сустрэчы і Шарлю Мішэлю ў снежні 2021 года. Менавіта пра гэтыя крокі я казаў тады. Нічога з гэтага практычна не было зроблена. Таму будуць чарговыя прысуды, таму ў Беларусі сёння, на звестках «Вясны», паўтары тысячы палітычных зняволеных. А па меркаваннях экспертаў, гэта нават пяць тысяч зняволеных. Таму так званы старшыня Следчага камітэту кажа, што 11 тысяч карных справаў распачата ў Беларусі па палітычных матывах. І вось паўстае пытанне: будзем шкадаваць, ці будзем рабіць?
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя. Размаўляў Міхась Андрасюк.
Array