Павел Усаў: Праблема не ў мігрантах, а ў палітыцы Лукашэнкі



Палітычны аналітык Павел Усаў у эфіры нашага радыё пракаментаваў міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Польшчай і Літвой. З ім размаўляў наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: У Польшчы збіраліся прадстаўнікі вышэйшых уладаў, прэзідэнт Польшчы назваў сітуацыю на мяжы гібрыднай акцыяй супраць Польшчы і Еўрапейскага звязу. Здаецца, ужо не першы раз такое акрэсленне ўсёй гэтай сітуацыі гучала. Тут нічога новага, але Польшча кажа, што была гатовая да такога развіцця падзеяў.

Павел Усаў: Безумоўна, гэты крызіс нарастаў з пачатку вясны, іншага выніку гэтага крызісу і не магло быць. Раней ці пазней такая сітуацыя павінна была б скласціся, але, на маю думку, усё ж такі ні Польшча, ні Захад у цэлам менавіта да такой глабальнай атакі і напружанасці гатовыя не былі. Цяпер няма яснай стратэгіі, што рабіць далей ні з боку польскіх уладаў, ні з боку Еўрапейскага звязу. Толькі вось зараз нейкія дэкларацыі і словы падтрымкі і занепакоенасці гучаць, а механізму супрацьдзеяння таму, што склалася на мяжы Беларусі і Польшчы, як заўсёды, няма. І як заўсёды мы бачым, што дзеянні Еўрапейскага звязу, дзеянні НАТА хутчэй з’яўляюцца рэакцыяй на тое, што адбываецца, а не маюць нейкіх механізмаў прэвентыўнага ўздзеяння ці стрымання такіх агрэсіўных крокаў з боку рэжыму Беларусі.

РР: Чытаем сацыяльныя сеткі і там такое распаўсюджанае меркаванне: чаму палякі не могуць падагнаць аўтобусы і адправіць гэтых мігрантаў, напрыклад, у Германію, куды яны хочуць?

Павел Усаў: Праблема ў тым, што, першае, Лукашэнка адразу пераможа ў гэтым супрацьстаянні, бо на сёння асноўных дывідэндаў ад таго, што робіцца на мяжы, ён не атрымоўвае. То бок ён дэманструе пазіцыю моцнага лідара, які гатовы схіліць ці паставіць на калені Захад. Але калі Захад будзе захоўваць такую прынцыповую пазіцыю, то, безумоўна, гэта будзе ўзмоцненая канцэнтрацыя мігрантаў і стварэнне небяспекі для самой сістэмы ўнутры Беларусі, а з іншага боку вынікам будзе тое, што адбылося з самалётам Ryanair. І другі момант, улічваючы тую інфармацыю, якая зараз ужо паступіла і ў заходнія медыя, што рыхтуюцца новыя рэйсы з краін блізкага Усходу ў Беларусь, там амаль да 40 у месяц. Гэта азначае, што калі калідор будзе створаны і Польшча саступіць і падгоніць гэтыя аўтобусы, то фактычна тысячы і тысячы мігрантаў зальюць Беларусь, гэтую мяжу, у тым ліку і Польшчу. Гэта наступны дадатковы цяжар, бо калі будуць прыбываць новыя хвалі, то ўжо зачыніць гэтую дзірку будзе немагчыма. А трэба ўлічваць, што для Лукашэнкі гэта бізнес. І калі нехта не разумее, проста згадаю тыя расследаванні, якія праводзіліся і “Байполам”, якія распавядалі пра так званую аперацыю “Шлюз”, якая была распрацаваная яшчэ ў 2011 годзе. Фактычна гэты транзіт  – не проста транзіт і перамяшчэнне мігрантаў ці бежанцаў, гэта вельмі прыбытковы бізнес, гэта крыніца прыбытку для праўладных груповак, праўладнага бізнесу, які забяспечвае гэты транзіт. Ён жа не ўзнік сам па сабе. Гэта была штучна зробленая лагістычная сістэма, якая пачала працаваць. 

І як толькі Лукашэнку ўдасца прабіць пралом, то, як я ўжо казаў, патокі не толькі мігрантаў, але грошай для сістэмы хлынуць велізарнай хваляй у Беларусь, і на гэтым выйграе ў тым ці іншым выпадку без жорсткай рэакцыі толькі Лукашэнка. І таму я разумею гуманітарны падыход да вось гэтай сітуацыі, жаданне дапамагчы, але гэта не вырашае праблему, а стварае новую. Бо праблема не ў мігрантах, а праблема ў палітыцы Лукашэнкі.

А пакуль гэтая палітыка будзе праводзіцца, пакуль яго не прымусяць саступіць і не зламаюць яму, так бы мовіць, хрыбет, сітуацыя не зменіцца.

РР: Пачалася такая ідэалагічная барацьба паміж Польшчай, Беларуссю і Еўразвязам. Варта, напэўна, тут звярнуць увагу на заявы Дзяржаўнага памежнага камітэта, які найперш заяўляў, што тыя мігранты, якія ідуць да мяжы, не ўяўляюць ніякай небяспекі для Беларусі, потым яны заяўляюць пра тое, што гэта еўрапейскія каштоўнасці. Вось зараз мы вам пакажам еўрапейскія каштоўнасці – палякі не хочуць прымаць гэтых мігрантаў, хоць забываюцца на тое, што яны на беларускай тэрыторыі, і па логіцы, калі чалавек шукае паратунку, то ён шукае паратунку ў першым небяспечным для сябе месцы. Тэарэтычна гэтыя мігранты павінны застацца ў Беларусі, папрасіць палітычны прытулак і г.д. Вось у гэтай сітуацыі ці так выглядае Беларусь кепска ў параўнанні з Еўразвязам, напрыклад, зараз?

Павел Усаў: Нейкім чынам ацэньваць дыскурс уладаў бессэнсоўна. Магу сказаць, што заўгодна, што мы – дэмакратычная краіна, а там дыктатура. Нават можна гэтае пытанне не ўздымаць. 

Што тычыцца агульна той сітуацыі, чаму мігранты не застаюцца ў Беларусі, а крочаць далей? Па-першае, ніхто ім тут у Беларусі не дазволіць застацца. Па-другое, калі нехта разумее як працуе схема транзіту, то людзі, якія апынуліся ў Беларусі, напэўна, плацілі велізарныя грошы тым, хто забяспечваў ім праезд. І вось уявіце сабе – людзі купляюць квіток да Нямеччыны, дзе ёсць сацыяльныя гарантыі, падтрымка, умовы зусім іншыя, а ім прапануюць застацца ў Беларусі недзе там на вуліцы.

Беларусь не збіралася і не збіраецца гэтых мігрантаў прытуляць. Гэта для іх яны былі інструментам, таму, безумоўна, людзі імкнуцца ісці далей і змагацца на мяжы. Бо прарываюцца да лепшага свету ў Нямеччыну.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя