Павел Усаў: Гэтае грамадства зламаць немагчыма



Увага да вайны ва Украіне не змяншаецца, хаця цягнецца ўжо без малога год. Пра тое, што адбываецца на дадзены момант там, мы пагаварылі з госцем Беларускага Радыё Рацыя, палітолагам Паўлам Усавым, які нядаўна вярнуўся з Украіны, дзе апошнім разам быў два тыдні.

Мы пацікавіліся ў нашага госця, што ён бачыў, адчуў, даведаўся, будучы непасрэдным сведкам гэтых страшна трагічных падзеяў.

РР: Вы бачылі ваенную абстаноўку ва Украіне. Наколькі яна драматычная, трагічная?

Павел Усаў: Калі мы кажам агульна пра жыццё ва Украіне, напрыклад, Львоў, ці Кіеў, то, нягледзячы на цяжкую сітуацыю на фронтах, там практычна жыццё не спыняецца. Адзінымі паказчыкамі таго, што трывае вайна з’яўляецца перш за ўсё каменданцкая гадзіна, з’яўляецца перыядычнае адключэнне святла і сірэны паветранай трывогі. Але ў Кіеве фактычна на гэта ўжо ніхто не рэагуе. Гэтак было і раней, калі я прыязджаў у траўні. Працуе ўсё – рэстарацыі, кавярні, у Кіеве практычна «коркі», часам перасоўвацца на машыне даволі цяжка. Сказаць, што Украіна на каленях, ці перажывае драматычны перыяд, што ўсё грамадства збянтэжана, знаходзіцца ў сітуацыі крызісу, ці ў сітуацыі дэпрэсіі, – не.

Жыццё ідзе, гаспадарка працуе, украінцы працуюць на фронт, велізарная падтрымка для фронту, высокі маральны дух. І тое, што намагаўся зрабіць Пуцін, бамбардуючы гарады, гэта не працуе. Нават настолькі людзі хутка адаптаваліся да блэкаўту, да адключэння вады і цяпла, што проста паўсюль ужо працуюць генератары. Ідзеш па Львове, калі выключаецца святло, чуеш моцны гук генератараў. У кожнай краме працуюць генератары. Дэфіцыту прадуктаў ніякага няма – усё што заўгодна можна набыць. Украінцы паказваюць, наколькі хутка можна аднавіць нармальнае жыццё і функцыянаваць, нягледзячы на вайну. І гэта паказчык таго, што гэтае грамадства не зламаць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Array